Крымінальная хроніка. Здарэнні двух мінулых тыдняў

Важнае Здарэнні і бяспека

З 1 па 14 жніўня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 178 паведамленняў, 11 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 72 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 95 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 65 правапарушальнікаў, узбуджана 14 крымінальных спраў.

Наведаліся на чужыя дачы

Цёплы сезон прываблівае не толькі дачнікаў, але і дачных злодзеяў. Адзін з іх, спадзеючыся на добрую нажыву, пашкодзіў уваходныя дзверы і залез у дом у вёсцы Мядзвінавічы. Праўда, акрамя вядра і малатка, якія забраў з сабой, нічога значнага не знайшоў, тым не менш нанёс гаспадыні матэрыяльны ўрон на суму 10 рублёў.

Большая “здабыча” дасталася злодзею, які сарваў навясны замок на адным з дачных дамоў вёскі Гірычы і скраў пральную машыну коштам 70 рублёў. У абодвух выпадках узбуджаны крымінальныя справы.

Госць пайшоў з тэлефонам гаспадара

У доме жыхара райцэнтра пагасцяваў раней судзімы зямляк. Пасля адыходу госця гаспадар не змог знайсці свайго мабільнага тэлефона “Xiaomi Redmi 9 Т” коштам 100 рублёў. Вінаватага шукалі нядоўга, на яго ўзбуджана чарговая крымінальная справа.

Забралі – не заплацілі

У індывідуальнай прадпрымальніцы з-пад гандлёвага павільёна “Паніква” ў вёсцы Баравікі ў адзін з летніх дзён былі скрадзены авечая шкура і мяккая цацка на суму 214 рублёў. Міліцыя просіць дапамагчы ўстанавіць асобу злодзея. Узбуджана крымінальная справа.

А даведка “ліпавая”

Адказваць перад судом за падробку дакумента давядзецца дзятлаўчаніну, работніку аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, які ў сакавіку мінулага года прадаставіў па месцы работы несапраўдную даведку аб сваёй часовай непрацаздольнасці.

Грошы да рук ліпнуць

Наша зямлячка, якая працуе спецыялістам інтэрнэт-магазіна, прысвоіла 1500 рублёў. Сваім учынкам жанчына не толькі нанесла шкоду інтэрнэт-магазіну, але і “зарабіла” сабе крымінальную справу.

Ёсць мак, будзе і адказнасць

За вырастанне маку на прысядзібных участках афіцыйна папярэджаны 6 жыхароў нашага раёна з вёсак Засецце, Карытніца, Кажухоўцы, гарпасёлка Наваельня, аграгарадка Круцілавічы. Праваахоўнікамі знішчана больш за два з паловай кілаграмы наркаўтрымліваючага пустазелля. Рэйды па Дзятлаўшчыне ў рамках спецыяльнай комплекснай прафілактычнай праграмы “Мак” прадаўжаюцца.

Зазірнулі ў чарку

За мінулыя 14 дзён нецвярозымі на працоўным месцы знаходзіліся жывёлавод і слесар з дзвюх гаспадарак нашага раёна. На аднаго з мужчын накладзена адміністрацыйнае спагнанне, другі – папярэджаны. Падобныя праверкі ў раёне праходзяць на пастаяннай аснове.

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga