Каб у работнікаў жніва былі сілы працаваць

Галоўнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэспубліканская акцыя “Хлеб на далонях жанчыны” пад эгідай Беларускага саюза жанчын.

У час яе ўшаноўваюцца працаўніцы вёскі, якія ўносяць сваю лепту ў сёлетні каравай.

Гэтым разам віншаванні і падарункі ад Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА БСЖ прымала загадчыца сталовай КСУП “Жукоўшчына” Юлія Памбухчан.

– Вы працуеце не на палетку, а займаецеся кухарскай справай, і гэтым таксама робіце важкі ўклад у сёлетні ўраджай, – звярнулася да жанчыны актывістка раённай арганізацыі ГА БСЖ Ірына Баравік. – Вы даяце механізатарам энергію для добрай работы на жніве-2022. Сваёй дзейнасцю яшчэ раз пацвярджаеце, што без жаночых клапатлівых рук сёння не абысціся.

Яна ўручыла Юліі Памбухчан памятны падарунак ад Саюза жанчын.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак далучыўся да віншаванняў і выказаў загадчыцы сталовай словы ўдзячнасці ад усіх механізатараў і вадзіцеляў, якія ў напружаную пару ўборкі ўраджаю атрымліваюць на рабочым месцы гарачае харчаванне.

– Прэзідэнт Беларусі слушна заўважыў, што працаўнікі вёскі, работнікі жніва павінны быць галоўнымі героямі. Іх працу трэба заўважаць і паважаць, – адзначыў Уладзімір Фёдаравіч. – Вельмі прыемна, што грамадскія арганізацыі не абыходзяць увагай працу жанчын у час уборачнай кампаніі.

Юлія Памбухчан загадвае сталовай КСУП “Жукоўшчына” на працягу пяці гадоў. На Дзятлаўшчыну прыехала працаваць з Карэліцкага раёна і засталася надоўга. Тут яна знайшла сваё жаночае шчасце, стварыла сям’ю. Разам маладыя людзі набылі дом, завялі хатнюю гаспадарку.

У гарачую пару жніва матуля траіх дзетак шчыруе на калгаснай кухні, каб механізатары ў полі падмацоўвалі свае сілы свежымі смачнымі абедамі. Гатуе ад душы, укладаючы часцінку любові і клопату ў кожную порцыю. Тым больш што на сёлетнім жніве заняты і любімы муж жанчыны Уладзімір Памбухчан. Ён працуе старшым пажарным у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, а ў выхадныя дапамагае землякам на ўборцы. Разам з ім у камбайнавым экіпажы – родны брат Алег Памбухчан, работнік КСУП “Жукоўшчына”.

– Сыты мужчына і працуе лепш, – з веданнем справы адзначае Юлія Міхайлаўна. – Каб у работнікаў жніва былі сілы працаваць, кормім іх сытна, абеды дастаўляем у поле. Стараемся зрабіць рацыён хлебаробаў багатым і разнастайным. Праўда, цяпер не толькі аграрыям, але і нам даводзіцца працаваць без выхадных. Нічога страшнага, зімой адпачнём!

Юлія Памбухчан кажа, што вельмі любіць сельскае жыццё і ні за што не хацела б памяняць яго размеранасць і прастор на гарадскую мітусню. Нездарма іх дружная сям’я стала прызёрам моладзевага конкурсу “Валадар сяла-2022”! Нават у такую гарачую пару жанчына паспявае не толькі на кухні, але і ў хатняй гаспадарцы ўправіцца.

– Шмат дапамагаюць дзеці, бо змалку ведаюць: каб нешта атрымаць, трэба актыўна папрацаваць.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga