Ёсць пытанні – будзе і адказ

Важнае Улада

Як адзначае намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч, па-ранейшаму папулярнай у насельніцтва формай дыялога з прадстаўнікамі ўлады з’яўляюцца звароты на прамыя тэлефонныя лініі, якія праходзяць па суботах, у зручны для заяўніка час, і дазваляюць хутка рэагаваць на ўзніклыя ў жыхароў раёна праблемы.

Людзей хвалююць пытанні добраўпарадкавання вуліц і дваровых тэрыторый. І гэта лагічна, што грамадзяне для вырашэння сваіх пытанняў звяртаюцца менавіта да мясцовага кіраўніцтва. Разам з тым практыка апошняга часу паказала, што некаторыя нашы землякі па пытаннях, якія паводле заканадаўства павінны быць растлумачаны на тэрыторыі, дзе ўзніклі, звярталіся ў органы, да кампетэнцыі якіх такія рашэнні не адносяцца. Напрыклад, для грэйдзіравання вуліцы, на якой жыве, дзятлаўчанін звярнуўся на прыём да адказнай асобы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Аднак заяўніку дастаткова было патэлефанаваць у службу 115 РУП ЖКГ для таго, каб яго просьба была ўзята на кантроль, і пры надыходзе спрыяльных умоваў надвор’я дарожныя работы былі б выкананы.

Некаторыя грамадзяне звяртаюцца на прыёмы да вышэйстаячых адказных асобаў для вырашэння сваіх праблем насуперак дзеючаму заканадаўству. Так, жыхарка нашага раёна звярнулася на прамую тэлефонную лінію да адказнай асобы ў вышэйстаячы дзяржаўны орган па пытанні зняцця яе мужа з уліку ў доктара-нарколага і яго далейшага ўладкавання на работу вартаўніком. Разам з тым гэтай заяўніцы спецыялістамі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы раней даваліся тлумачэнні, што яе муж можа быць зняты з медыцынскага ўліку толькі на падставах, прадугледжаных у заканадаўстве, таксама мужу заяўніцы прапаноўвалася працаўладкаванне на работу, супрацьпаказанняў і абмежаванняў да выканання якой ён не мае. Менавіта такія ж тлумачэнні жанчыне былі дадзены і пры яе звароце ў вышэйстаячы орган.

Актуальна будзе нагадаць, што, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 498, звароты грамадзян належаць разгляду на тэрыторыі той мясцовасці, дзе яны ўзніклі, незалежна ад таго, куды гэтыя звароты паступілі. Таму рэкамендуем заяўнікам звяртацца да прадстаўнікоў тых дзяржаўных органаў і кампетэнтных службаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці: магчыма, вырашэнне пытання не трэба шукаць далёка – яно знаходзіцца зусім побач, патрэбна толькі звярнуцца.

Так, па заявах жыхароў раёна ў бягучым квартале гэтага года ім было аказана садзейнічанне ў рамонце даху, спілоўванні дрэваў, добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый і пад’езду да населенага пункта, навядзенні парадку на зямельным участку, пашырэнні асартыменту тавараў у магазінах на тэрыторыі горада Дзятлава і прадастаўленні скідак у магазінах Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga