Хацеў падмануць кампаньёна – сам застаўся ні з чым

Важнае Здарэнні і бяспека

Нетыповым злачынствам у нашай краіне з’яўляецца перашкода пры кампенсацыі страт крэдыторам, аднак менавіта да гэтага прывяла спрэчка паміж прадстаўнікамі двух камерцыйных гаспадарчых суб’ектаў.

Як усё адбывалася? Запазычанасць перад крэдыторамі стварылася ў выніку дзейнасці адной з фермерскіх гаспадарак. Згодна з нормамі заканадаўства і сумлення трэба было выканаць разлік. Сярод крэдытораў была камерцыйная фірма, дырэктарам якой выступаў адзін з работнікаў кіруючага звяна фермерскай гаспадаркі. У кіраўніка фермерскай гаспадаркі заставалася запазычанасць перад былым кампаньёнам, але добраахвотна вяртаць яе ён не хацеў. Крэдытор звярнуўся ў эканамічны суд для спагнання сродкаў, у тым ліку і ў прымусовым парадку. Суд вынес станоўчае рашэнне, аднак спаганяць ужо не было чаго: заснавальнік і кіраўнік фермерскай гаспадаркі паспеў заключыць фіктыўныя дагаворы на рэалізацыю наяўнай сельскагаспадарчай і аўтамабільнай тэхнікі па заніжаных цэнах для зацікаўленых асобаў (знаёмага і наёмнага работніка), што выключыла магчымасць накладання на яе арышту судовым выканаўцам для забеспячэння разлікаў гаспадаркі па даўгах. Калі ж няма маёмасці і актываў для пагашэння запазычанасці, то застаецца ісці ў банкруцтва, якое начыста спісвае цяжар даўгоў. На гэта і разлічваў кіраўнік гаспадаркі, тым больш што фактычнай аплаты нават па заніжаных цэнах за адчужэнне тэхнікі не адбылося.

Пры ажыццяўленні працэдуры банкруцтва эканамічным судом, кіруючым справамі фермерскай гаспадаркі, быў прызначаны трэці бок з функцыяй антыкрызіснага кіравання. Пры праверцы здзелак папярэдняга банкруцтву перыяду было вынесена заключэнне аб іх фіктыўнасці і скіраванасці на ўхіленне ад кампенсацыі запазычанасцяў перад крэдыторамі. Варта адзначыць, што кошт тэхнікі ў дагаворах куплі-продажу склаў усяго каля 10 тысяч рублёў, а яе сапраўдная рыначная цана – больш за 80 тысяч.Фінансавай міліцыяй праведзена адпаведная экспертыза, якая пацвердзіла версію аператыўных работнікаў: адчужэнне тэхнікі аказала негатыўны ўплыў на плацежаздольнасць прадпрыемства і магчымасць разлічыцца з крэдыторамі.

На кіраўніка фермерскай гаспадаркі ўзбуджана і накіравана ў суд крымінальная справа. Здзелкі па адчужэнні тэхнікі адменены, праведзены аўкцыён, дзе выручана больш за 70 тысяч рублёў. Для кампенсацыі астатняй сумы накладзены арышт на аўтамабіль фігуранта справы коштам больш за 75 тысяч рублёў.

Сяргей ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga