Эфектыўная адукацыя: традыцыі, адзінства, грамадзянскасць, патрыятызм(+відэа)

Галоўнае Улада

Пад такой назвай 30 жніўня ў Дзятлаве прайшла раённая нарада кіруючых педагагічных работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі.

Ёй папярэднічала выстава-прэзентацыя школьных музеяў і педагагічных напрацовак навучальных установаў раёна, прысвечаная Году гістарычнай памяці. Актывісты раённага камітэта ГА “БРСМ” з Казлоўшчынскай сярэдняй школы разам з першым сакратаром арганізацыі Кацярынай Хілімончык прадставілі моладзевыя ініцыятывы.

 

Урачыстае пасяджэнне пачалося са знаёмства з маладымі настаўнікамі, якія сёлета прыбылі на Дзятлаўшчыну. У школы і дашкольныя ўстановы раёна прыйшлі працаваць 11 маладых спецыялістаў. Новыя працоўныя кніжкі і памятныя падарункі ім уручыў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі.

Са словамі віншавання і таварыскім наказам да малодшых калег звярнулася дырэктар Дварэцкай сярэдняй школы Вераніка Фабішэўская.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка расказала аб выніках работы аддзела і ўстановаў адукацыі за 2021-2022 навучальны год, асноўных напрамках дзейнасці ў 2022-2023 навучальным годзе. Алена Іванаўна адзначыла, што на Дзятлаўшчыне завяршаецца рэспубліканская акцыя “Збяром дзяцей у школу”, у якой матэрыяльная дапамога ўжо аказана 613 непаўналетнім з 299 сем’яў (гэта ўсе дзеці, якія мелі патрэбу ў дапамозе) на суму 96 784 рублі. Найбольш актыўны ўдзел у акцыі прынялі наступныя прадпрыемствы раёна: ААТ “Дварэцкі льнозавод”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Граніт-Агра”, ТАА “Суперпакінвест”, Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ ААБ “Беларусбанк”, філіял ААТ “Белаграздраўніца” “Санаторый “Радон”, а таксама грамадскія арганізацыі раёна.

Аб грамадзянскім і патрыятычным  выхаванні як адным з напрамкаў дзейнасці ўстановы дашкольнай  адукацыі расказала загадчыца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава Святлана Ус.

Па меркаванні намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы Таццяны Умоўскай, заклад поспеху школы – пастаянны рух наперад.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Марыя Шавель на прыкладзе сваёй навучальнай установы расказала аб патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, іх вопыце, рэсурсах і перспектывах.  Дапамаглі ёй у гэтым навучэнцы школы.

Пра стан крымінагеннай абстаноўкі ў асяроддзі падлеткаў, негатыўныя тэндэнцыі, прапановы па ўдасканаленні ўзаемадзеяння ўдзельнікам канферэнцыі  паведаміў старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Павел Бараноўскі.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падзякаваў педагогам раёна за выдатныя поспехі і адданасць сваёй працы, паабяцаў падтрымку і ўзаемадзеянне ад раённай улады.

– Надыходзячы навучальны год для вас асаблівы: набывае сілу абноўленая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, зменены падыходы да выніковай атэстацыі. Упершыню нашым выпускнікам давядзецца здаваць цэнтралізаваны экзамен, і паспяховая падрыхтоўка да яго ў многім залежыць ад педагогаў, – нагадаў кіраўнік раёна. – Але адукацыя не вымяраецца толькі адзнакамі. Выхаваць пакаленне сапраўдных патрыётаў і годных людзей ­– адна з найважнейшых задач педагогікі. Гэтыя няпростыя задачы лягуць не толькі на вашы плечы – разам у нас атрымаецца з імі справіцца. Раённы выканаўчы камітэт па-ранейшаму застаецца галоўнай апорай і падтрымкай адукацыі раёна.

Урачыстым момантам мерапрыемства стала ўзнагароджанне лепшых педагогаў раёна па выніках мінулага навучальнага года. Андрэй Садоўскі ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама за значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі раёна метадысту Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміле Волкавай, дырэктару Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Аляксандру Васюкевічу, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы Таццяне Умоўскай. Падзячным пісьмом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама за вялікі асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення былі адзначаны настаўнік біялогіі Гезгалаўскай сярэдняй школы Аляксандр Памбухчан, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 горада Дзятлава Аксана Ванчук, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Гезгалаўскага ясляў-сада Алена Лукіянец.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі адзначыў важкі ўклад настаўнікаў у дасягненнях раёна. Ён уручыў Ганаровыя граматы Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў за добрасумленную працу, творчую ініцыятыву дырэктару сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Івану Кібіню, загадчыцы Новаяльнянскага ясляў-сада Людміле Піваварчык; Падзячнае пісьмо старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў – настаўніку матэматыкі Дварэцкай сярэдняй школы Марыне Ігнацік.

Старшыня раённага аб’яднання ГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч уручыў падарункі ад грамадскай арганізацыі самым ініцыятыўным і творчым педагогам.

Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення была адзначана намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Алена Баклага. Аналагічную ўзнагароду на абласным педагагічным форуме атрымала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук.

Профільныя абласныя і раённыя ўзнагароды работнікам адукацыі Дзятлаўскага раёна ўручыла Алена Жадзейка.

Мерапрыемства завяршылася музычнай паштоўкай ад навучэнцаў і выпускнікоў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga