Дзятлава – удзельнік праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі”

Важнае Грамадства

Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 19 красавіка 2019 года перад органамі ўлады былі пастаўлены канкрэтныя задачы, адна з якіх гучыць так: “ініцыятыва “Здаровыя гарады і пасёлкі” павінна перарасці ў маштабны дзяржаўны праект”.

Праз тры гады можна ўжо сказаць, што так і адбылося. Больш за 150 населеных пунктаў Беларусі ўключыліся ў гэту ініцыятыву. У жніўні бягучага года горад Дзятлава таксама стаў удзельнікам праекта, што засведчана рашэннем райвыканкама.

Што ўяўляе з сябе ініцыятыва “Здаровыя гарады і пасёлкі” і якіх вынікаў дасягаюць яе ўдзельнікі, высветлілі ў галоўнага доктара Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алены Шайбак:

– Правобраз праекта – міжнародная ініцыятыва “Здаровыя гарады” Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Яна эфектыўна функцыянуе ўжо больш за 30 гадоў і накіравана на тое, каб захаванне здароўя стала прыярытэтным для органаў мясцовага самакіравання. У нашу краіну праект прыйшоў дзякуючы Міністэрству аховы здароўя ў 2012 годзе і рэалізаваўся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці як пілотны пад назвай “Горад Горкі – здаровы горад”. З таго часу фізічнай культуры і правільнаму харчаванню ў населеным пункце надаецца асаблівая ўвага. Па ініцыятыве жыхароў з’явілася трэнажорная пляцоўка пад адкрытым небам, створаны групы па скандынаўскай хадзе і дыхальнай гімнастыцы, а заняткі фітнесам на свежым паветры вельмі папулярныя сярод моладзі. Больш за тое, штогод у красавіку ў Горках праводзіцца шасцідзённая акцыя “Тыдзень здароўя”, якая стартуе з зарадкі, на якую прыходзяць старшыня раённага выканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада.

Наш раённы цэнтр, на мой погляд, таксама годны для ўмацавання здаровага ўрбанізаванага асяроддзя. Удзельнікам праекта можа стаць населены пункт з колькасцю ад 700 жыхароў, павінна быць створана інфраструктура для вядзення здаровага ладу жыцця: Дом культуры, стадыён, буйны гандлёвы цэнтр, транспартны вузел – у Дзятлаве ўсё гэта ёсць. А яшчэ ў нас ёсць шмат актыўных людзей розных узростаў, якія займаюцца сваім здароўем, удзельнічаюць у раённых спартыўных мерапрыемствах, наведваюць басейн, заняткі фітнесам і многае іншае. Спадзяюся, дзякуючы рэалізацыі праекта, у нас атрымаецца пераканаць яшчэ большую колькасць дзятлаўчан у неабходнасці вядзення здаровага ладу жыцця, а таксама акцэнтаваць увагу органаў дзяржкіравання, рэлігійных, грамадскіх арганізацый на забеспячэнні здароўя насельніцтва як галоўнага прыярытэту гарадской палітыкі. Маецца на ўвазе арганізацыя даступнай медыцынскай дапамогі, здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, рацыянальнага гарадскога планавання і добраўпарадкавання, стварэння новых магчымасцяў для фізічнай актыўнасці, клопату пра здароўе маці і дзіцяці, пра інтарэсы людзей з інваліднасцю.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga