Дзелавы панядзелак. Зямля павінна быць дагледжана

Важнае Улада

Жніво, навядзенне парадку, прафілактыка пажараў і гібелі людзей на вадзе – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Людзі “зараджаны” на вынік

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады была работа сельскай гаспадаркі. На бягучым тыдні надвор’е абяцае быць без дажджу, таму перадышкі аграрыям не будзе.

Уборачная кампанія ў разгары, механізатары “зараджаны” на максімальна хуткі тэмп жніва. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі паставіў таксама задачу аператыўна завяршыць уборку льну, інтэнсіўна ўносіць у глебу для перадпасяўной апрацоўкі гліфасаты, рыхтавацца да сяўбы азімых культур.

Раскрытыкаваў Андрэй Уладзіміравіч маруднасць гаспадарак ва ўборцы саломы з палёў. Таксама зрабіў заўвагі па выканальніцкай дысцыпліне ў КСУП “Войневічы”, СГФ “АграМілк”. Што датычыцца “АграМілка”, тут актуалізавалася праблема ў жывёлагадоўлі, хоць яе ўзнікненне застаецца незразумелым, паколькі ёсць свае ветурачы ў гаспадарцы і раённыя ветстанцыя і ветлабараторыя павінны быць актыўнымі памочнікамі. Як процівагу і станоўчы прыклад годнага вядзення спраў старшыня райвыканкама прывёў работу раённай племстанцыі.

– Тут і ўмешвацца не трэба. Кіраўнік на сваім месцы, ён аналізуе сітуацыю, трымае ўсё на кантролі, таму роўна, годна трымаецца раён па ўзнаўленні статка сельскагаспадарчых жывёл, штучным асемяненні пагалоўя.

Цяпло павінна быць бяспечным

Нягледзячы на тэхналагічны прагрэс, жыхары раёна для абагравання ўсё роўна часта выкарыстоўваюць пячное ацяпленне. Асабліва кантроль за станам пячэй і дапамога ў іх рамонце патрабуецца сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва. Зараз аб’ём выкананых работ за сродкі раённага бюджэту па рамонце пячнога ацяплення ў домаўладаннях грамадзян дадзенай катэгорыі складае 76,5 %. Таксама прадаўжаецца абсталяванне домаўладанняў дзятлаўчан, старэйшых за 80 гадоў, якія адзінока пражываюць, АПІ з вывадам сігнала на знешняе светлагукавое ўстройства.

Дарэчы, за першае паўгоддзе бягучага года дзятлаўскія ратаўнікі выязджалі на дапамогу людзям 239 разоў, у раёне адбыліся 13 пажараў.

Зерне сыплецца на асфальт

Не першы раз на нарадзе адказныя службы абмяркоўваюць кантроль за работнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна ў час жніва. Факты крадзяжу паліва ўжо на слыху. Да іх сёння дадаецца яшчэ адна праблема – барацьба за захаванасць ураджаю.

Як сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, “зерне стала вялікай палітыкай і, па сутнасці, зброяй”, што “страта збожжа на палях будзе расцэньвацца па меншай меры як эканамічная дыверсія, па большай – як злачынства”.

Старшыня райвыканкама завастрыў увагу аграрыяў на недапушчэнне расхлябанасці ў час перавозкі збожжа – страты пры транспарціроўцы павінны быць выключаны цалкам.

– Загружаць аўтамабілі па норме, а не звыш бартоў, тым больш не дазваляць перавозку без тэнтаў. Гэта ж кашчунства – губляць хлеб на дарозе, – выказаў сваю катэгарычную пазіцыю Андрэй Садоўскі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: