Дапамагчы можа кожны жадаючы

Важнае Грамадства

3 жніўня валанцёры Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа далі ўрачысты старт маштабнай дабрачыннай кампаніі “Збяром дзяцей у школу”, якая прадоўжыцца да 15 верасня.

Пляцоўкай для ўрачыстасці быў выбраны магазін “Святлана” ў горадзе Дзятлаве прыватнай прадпрымальніцы Зарыны Харошка, якая з’яўляецца пастаянным партнёрам і спонсарам Таварыства і неаднаразова падтрымлівала дабрачынныя акцыі арганізацыі.

Каб старт кампаніі стаў яркай і запамінальнай падзеяй, прыняць у ім удзел запрасілі вясёлых герояў узорнага тэатра гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Павесяліцца з імі прыйшлі старэйшыя выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава, многія з якіх у верасні гэтага года сядуць за школьныя парты.

З сённяшняга дня ў магазінах “Святлана”, Доме гандлю (магазін “Родны Кут”, 2 паверх), некаторых іншых гандлёвых аб’ектах райцэнтра, дзе прадаюцца тавары для школьнікаў, з’явяцца скрыні для ахвяраванняў з эмблемай Чырвонага Крыжа. У рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу” набыць канцылярскія і іншыя патрэбныя рэчы для навучэнцаў і пакласці іх у падарунак дзецям з уразлівых катэгорый нашага раёна зможа любы жадаючы. Напомнім, што Таварыства Чырвонага Крыжа перадасць гэтыя падарункі навучэнцам, якія гадуюцца ў малазабяспечаных шматдзетных і няпоўных сем’ях, дзецям-інвалідам, сацыяльным сіротам. Перавага будзе нададзена тым, хто сёлета ідзе ў першы клас.

Да пачатку ўрачыстага мерапрыемства Зарына Харошка першай перадала карысныя падарункі і падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў дабрачыннай кампаніі:

– Як мне расказалі, задача сёлетняга года – сабраць 11 дзетак раёна да школы і тым самым падарыць ім не толькі ўсё неабходнае для навучання, але і пазітыўны настрой. Раблю свой унёсак у гэту добрую справу – перадаю ранцы і канцылярскія рэчы. Спадзяюся, што яркія каляровыя падарункі яшчэ больш матывуюць першакласнікаў на паспяховую вучобу. Ведаю, што маленькія дзеці з жаданнем ідуць у школу, а задача дарослых – зрабіць для іх гэты момант сапраўдным святам. Скрыня Таварыства Чырвонага Крыжа застанецца ў магазіне, буду нагадваць пакупнікам пра магчымасць паўдзельнічаць у акцыі, а таксама запрашаю дзятлаўчан у “Святлану” па пакупкі. У магазіне дзейнічаюць зніжкі на тавары 20 %, а для шматдзетных сем’яў – 30 %. У наяўнасці – уся неабходная канцылярыя і яркія прыгожыя рукзакі.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: