Афрыканская чума свіней. Забарона дзейнічае

Важнае Грамадства

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна знаходзіцца адзін свінагадоўчы комплекс “Варакомшчына” ААТ “Граніт-Агра”.

Буферная зона (радыус ад свінагадоўчых фермаў і комплексаў, у якім забараняецца ўтрыманне свіней фізічнымі асобамі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян) ад яго складае 5 км. У яе ўваходзяць 7 населеных пунктаў.

Данілавіцкі сельсавет:

вёска Варакомшчына,

вёска Данілавічы,

вёска Карыца 1,

аграгарадок Круцілавічы,

вёска Аханяны,

вёска Рабкі;

Новаяльнянскі сельсавет:

гарадскі пасёлак Наваельня.

Эпізаатычная сітуацыя з афрыканскай чумой свіней у памежных краінах застаецца напружанай. Таму працягвае дзейнічаць пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 758 ад 29 жніўня 2013 года “Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёл”.

Даведачна:

Па даных Міжнароднага эпізаатычнага бюро на тэрыторыі Латвіі ў бягучым годзе зарэгістравана 378 ачагоў АЧС, Польшчы – 1034, Румыніі – 487, Малдове – 9, Кітаі – 1, Расійскай Федэрацыі – 48, Украіны – 6.

У сувязі з перыядам нарыхтоўчага сезона лясной прадукцыі: лекавых траў, грыбоў і ягад – узрастае верагоднасць заносу ўзбуджальніка АЧС на асабістыя падворкі грамадзян, у памяшканні, дзе ўтрымліваюцца хатнія свінні, а таксама на свінагадоўчыя комплексы і фермы.

АЧС адносіцца да групы асабліва небяспечных захворванняў са смяротнасцю да 100 %. Хвароба ўзнікае ва ўсе часы года, але найбольш шырока рэгіструецца ў вяснова-восеньскі перыяд. На жаль, эфектыўных сродкаў прафілактыкі і лячэння афрыканскай чумы не існуе. Для здароўя чалавека афрыканская чума свіней небяспекі не ўяўляе.

З мэтай прадухілення заносу віруса АЧС на свае падворкі грамадзяне павінны памятаць і штодня выконваць асноўныя правілы догляду жывёл:

тэрыторыя асабістай дапаможнай гаспадаркі павінна быць агароджана плотам, неабходна ўтрымліваць яе ў чысціні і парадку;

усе камбікармы варта набываць толькі праз сістэму Белкаапсаюза і іншыя гандлёвыя сеткі з наяўнасцю сертыфікатаў якасці. Захоўваць у закрытай тары;

бульба, буракі, мука перад скормліваннем павінны падвяргацца тэрмічнай апрацоўцы;

катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць на корм свінням прадукты, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты або рэшткі ад кулінарнай апрацоўкі мяса;

забяспечыць бязвыгульнае ўтрыманне свіней;

для догляду жывёл мець спецыяльную вопратку і абутак, абсталяваць месца для мыйкі і санітарнай апрацоўкі рук;

пастаянна праводзіць мерапрыемствы па знішчэнні мух, пацукоў мышэй;

забараніць староннім асобам наведванне месцаў утрымання жывёл;

праводзіць штодзённы клінічны агляд свіней, а пры выяўленні хворых жывёл тэрмінова інфармаваць ветэрынарную службу па месцы жыхарства і сельвыканкам;

не выкідваць трупы жывёлін, адходы ад іх утрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог, у лясныя масівы.

За невыкананне ветэрынарных правілаў па ўтрыманні жывёлы ў прыватных гаспадарках прадугледжана як адміністрацыйная (штраф у памеры ад 20 да 200 базавых велічыняў), так і крымінальная адказнасць (да 2-х гадоў пазбаўлення волі).

Барыс КУЛЕШ,
галоўны ветэрынарны інспектар Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga