Жыві і працвітай, Дзятлаўскі край!

Важнае Грамадства

Пад такім дэвізам у Дзень Незалежнасці сваю прадукцыю, лепшы вопыт работы, творчыя і навуковыя дасягненні прадстаўлялі арганізацыі, прадпрыемствы і гаспадаркі нашага раёна.

Іх выставачныя павільёны і пляцоўкі размясціліся на плошчы 17 Верасня, вуліцы Савецкай, у гарадскім парку.

Самых рухавых і вясёлых чакала інтэрактыўная праграма “З салодкім марожаным у яркае лета” ад тэатра роставых лялек. Побач на плошчы можна было зазірнуць у гандлёвыя павільёны Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства з багатым асартыментам, у тым ліку хлебабулачнай прадукцыі. На дэгустацыю сыру і марожанага запрашалі работнікі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”. На пляцоўцы Дзятлаўскай ЦРБ жадаючыя маглі памераць артэрыяльны ціск, сатурацыю, узровень цукру ў крыві, агледзець аўтамабіль хуткай дапамогі, даведацца гісторыю станаўлення медыцынскай службы. Спецыялісты ААТ “ААБ Беларусбанк” ладзілі бяспройгрышную латарэю з прыемнымі прызамі.

Маштабнай была выстава дасягненняў аддзела адукацыі райвыканкама, паколькі на ёй свае цікавінкі і пераможныя праекты прадстаўлялі розныя ўстановы адукацыі. Тут можна было пагартаць сямейныя альбомы дашкольнікаў “Дзядуля і тата – бравыя салдаты”, сфатаграфавацца ў фотазонах, з гімназістам Даніілам Шумскім даведацца, як рыхтавалася інтэрактыўная дыярама па матэрыялах славянскага фальклору, ад педагогаў першай школы пачуць пра значныя лакальныя краязнаўчыя праекты, з раклевіцкімі – змайстраваць ляльку-абярэг, наведаць казлоўшчынскі клуб “Мужнасць”, летнік “Спадчына” сярэдняй школы № 3 і сумесны праект установаў адукацыі – “Аўтобус Перамогі”, з экспазіцыямі якога знаёміла кіраўнік народнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамара Крывеня, а на выхадзе наведвальнікам прапаноўвалі бярозавік. Гасцінна сустракалі павільёны раённага аддзялення паштовай сувязі, сэрвіснага пункта Белтэлекам, санаторыя “Радон”, Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ДРБУ № 119, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ТАА “Ізакам” і “ІзакамПласт”. Не толькі дарослыя, але і дзятва аблюбавалі пляцоўку з тэхнікай Дзятлаўскага РАНС і раёна электрасетак, бо можна было агледзець абмундзіраванне і пасядзець у кабіне машын. Асабліва весела стала малечы, калі пачалося паказальнае выступленне ратаўнікоў.

 

Як трэба клапаціцца пра зямлю, каб яна аддзячыла ўраджаямі, можна было даведацца ў работнікаў Дзятлаўскага ПМС, на пляцоўцы РУП ЖКГ  палюбавацца металічнымі фігурамі, фантанам з падсветкай, матацыклам. ААТ “Дварэцкі льнозавод” здзіўляў прыгожымі вырабамі з беларускага шоўку. Дзятлаўскі раён газазабеспячэння сумяшчаў карыснае з прыемным: раздаваў памяткі карыстальніка. Цікава пра свае будні і дасягненні расказалі спецыялісты аграпрамысловага комплексу – ААТ “Граніт-Агра”, філіяла “АграМілк”, КСУПаў “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра”, “Хвінявічы”, а апошнія нават прывезлі сваіх вушастых гадаванцаў – трусоў. Сабраць карту Радзімы з пазлаў запрасіў раённы камітэт ГА “БРСМ”, Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей здзіўляў медалямі і зброяй, бібліятэка – выставай мінуўшчыны, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна паклікаў у льняную казку. Квасам і безалкагольнымі прахаладжальнымі напоямі жадаючых частавалі гаспадыні павільёна ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Ваду і духмяны чай жадаючым прапаноўвалі валанцёры Таварыства Чырвонага Крыжа.

Аматары мастацтва мелі магчымасць паназіраць за міні-пленэрам юных мастакоў дзіцячай школы мастацтваў. Якімі традыцыямі багата беларуская хата, можна было даведацца на аднайменнай пляцоўцы: паўдзельнічаць у майстар-класах па традыцыйных рамёствах і беларускіх гульнях-конкурсах, паслухаць песні з “Вянка творчасці народнай”, дакрануцца да нематэрыяльна-культурнай спадчыны продкаў, у тым ліку падсілкаваўшыся на хуткасць традыцыйнай стравай беларусаў – дранікамі, а хто не спатоліў голад – далучыцца да гастрафэсту народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі” пад кіраўніцтвам Таццяны Шостка.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga