З успамінаў удзельніка бою, былога камандзіра артбатарэі 856-га палка Аляксея Мельнікава

Важнае Падзеі Хто крылы расправіў на роднай зямлі

8 ліпеня ў 20.00 856-ы стралковы полк рушыў, абыходзячы вузлы супраціўлення праціўніка, на Луканічы і Боцкавічы.

У 22.00 полк спыніўся ў лесе каля вёскі Луканічы для адпачынку і прывядзення сябе ў парадак. Усе падраздзяленні палка папоўніліся боепрыпасамі. Праціўнік за ноч паспеў прыкрыць подступы да Дзятлава.

У 6.00  9 ліпеня палкі дывізіі прадоўжылі праследаванне праціўніка. У 11.00 856-ы стралковы полк перарэзаў дарогу Дзятлава-Яцвязь. 860-ы стралковы полк на подступах да Дзятлава сустрэў арганізаванае супраціўленне. Камандзір дывізіі палкоўнік В. А. Канавалаў, знаходзячыся ў гэты час у распараджэнні нашай часці, загадаў падпалкоўніку Даўгаполаву сіламі стралковага батальёна, узмоцненага артылерыяй, дапамагчы 860-му стралковаму палку. Мне камандзір палка загадаў адбыць з 1-ым стралковым батальёнам, каб узначаліць камандаванне батарэямі: знішчальна-супрацьтанкавай батарэяй 76-мм гармат і батарэяй 120-мм мінамётаў.

На маршы галоўную паходную заставу (ГПЗ) склалі: 3-я стралковая рота старшага лейтэнанта Аляксея Мельнікава, знішчальна-супрацьтанкавая батарэя старшага лейтэнанта  Міхаіла Пагонца і мінамётная рота капітана Сяргея Яльганіна. Астатнія падраздзяленні батальёна ішлі пехатой паскораным тэмпам. Калону ўзначальваў капітан Іван Беразняк. Камбат маёр Касенка і я выехалі следам за паходнай заставай, каб бачыць пачатак бою і прыняць неабходнае рашэнне.

Галаўны дазор, не даязджаючы 600-700 метраў да Дзятлава, быў абстраляны кулямётным агнём. Старшы лейтэнант Мельнікаў спыніў калону, усе хутка спешыліся з машын. Гарматы Кулажэнкі і Пагонца справа і злева ад дарогі былі развернуты “да бою”. Камандзіры гармат пасля высвятлення кропак для абстрэлу адкрылі агонь. На месцы кулямёта, які толькі што абстрэльваў нашых, узляталі груды зямлі. Стралкі 3-й роты, развярнуўшыся ў ланцуг, пайшлі на збліжэнне з праціўнікам. На ўзмацненне сваёй баявой аховы немцы выставілі два бронетранспарцёры з пяхотай, якая адкрыла кулямётны агонь. БТРы з месца падтрымлівалі кулямётным агнём сваю пяхоту. Але як толькі яны выйшлі на адкрытае месца, разлікі Кулажэнкі і Пагонца падбілі іх. Стралкі 3-й роты невялікімі перабежкамі рухаліся наперад, падступаючы да бліжэйшых дамоў Дзятлава. З падыходам астатніх падраздзяленняў маёр Касенка паставіў ім задачу: 1-й роце развярнуцца з правага боку ад ГПЗ і наступаць па прылеглай вуліцы, 2-й роце абысці з захаду Дзятлава і выйсці ў раён касцёла; мінамётным падраздзяленням забяспечыць сваім агнём падрыхтоўку батальёна для бою; гарматам прамой наводкай знішчыць кулямётныя кропкі на ўскраіне населенага пункта і быць гатовымі весці барацьбу з танкамі і БТРамі праціўніка.

Немцы заўважылі нашы падраздзяленні, якія рыхтаваліся да бою, адкрылі моцны кулямётны агонь. Гарматныя разлікі 76-мм батарэй сяржантаў Шарова і Смірнова ўдарылі па іх. Разлікі сяржантаў Звяркоўскага і Пацехіна знішчальна-супрацьтанкавай батарэі адкрылі сапраўдную гарматную дуэль. Мінамётчыкі Маннікава вялі агонь па контратакуючай пяхоце праціўніка, змусіўшы яе хавацца за дамы.  2-я рота абышла Дзятлава з паўночнага захаду, не сустрэўшы супраціўлення.

Яе абыходны манеўр моцна дэстабілізаваў  становішча падраздзяленняў праціўніка, якія ўпарта абараняліся. Яны пачалі адыходзіць. 1-я і 3-я роты неадступна праследавалі іх. Мы з Касенкам ужо знаходзіліся каля першых дамоў, убачылі серыю зялёных ракет. Гэта азначала, што роты дасягнулі пэўнага рубяжа.

Праз некаторы час страляніна зусім сціхла. А калі я і Касенка падышлі да касцёла, то ўбачылі калоны 860-га стралковага палка.  Такім чынам, у выніку кароткага бою агульнымі намаганнямі ўдалося авалодаць важным вузлом шасейных і грунтавых дарог, захапіць склад боепрыпасаў, склад мукі, аўтарамонтную майстэрню з вялікай колькасцю рухавікоў.

Камандзір дывізіі В. А. Канавалаў, які прыбыў у Дзятлава, загадаў нам вярнуцца ў сваю часць. 860-ы стралковы полк заняў абарону за кіламетр на захад ад Дзятлава. На заходняй ускраіне размясціўся штаб 283-й стралковай дывізіі.

Свой полк мы знайшлі на рубяжы Страла — Жыбарты, дзе ён замацаваўся і прыводзіў сябе ў парадак, несучы службу баявой аховы.

А. Л. Мельнікаў “Агнём палкавых батарэй” (пераклала на беларускую мову А. Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея)

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: