Як аднаўляецца гісторыя роднага краю? У Наваельні ідуць пошукавыя работы

Важнае Улада

У гарадскім пасёлку Наваельня адноўлены раскопкі, якія праводзяцца Віцебскім спецыялізаваным асобным пошукавым  батальёнам № 52 у сувязі з расследаваннем фактаў генацыду мірнага насельніцтва Беларусі.

На месцы масавага знішчэння людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны пабывалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснік Ігар Кухарэвіч, пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, члены моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў і навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Для прадстаўнікоў маладога пакалення тут адбыўся своеасаблівы ўрок міру пад адкрытым небам, у час якога экскурс у ваеннае мінулае ажыццявіла кіраўнік народнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы Тамара Крывеня:

– Калі на пачатку Вялікай Айчыннай вайны фашысты прыйшлі ў Наваельню, тут жылі яўрэі, іх вымусілі нашыць жоўтыя зоркі на адзенне і выконваць жорсткія правілы, таму частка смельчакоў рушыла ў лясы. Братамі Бельскімі ў Навагрудскім раёне быў арганізаваны яўрэйскі партызанскі атрад, які для многіх стаў прытулкам, у тым ліку для новаяльнянскай яўрэйскай сям’і Рэзнік. Дарэчы, яны выжылі і некалькі гадоў таму да нас прыязджала іх дачка, якая нарадзілася 17 верасня 1939 года.

Для тых жа, хто застаўся ў пасёлку, было створана адкрытае гета (яго можна было ненадоўга пакідаць, каб наведваць свае дамы), насельнікі якога выконвалі самую цяжкую работу.

Знішчэнне новаяльнянскага гета адбылося ў жніўні 1942 года. Паспрабаваць уцячы ўдалося сям’і Ліс, аднак мужа застрэлілі, а жонку, якая хавалася на хутары Ахонава, здраднікі выдалі ворагам ў 1944-м, яна таксама была забіта. Астатніх яўрэяў перавялі праз чыгунку, да гэтага рову, дзе яны і знайшлі свой вечны спачын. Мясцовыя жыхары ведалі пра зверскую расправу і расказвалі, што брацкая магіла знаходзіцца каля тарнага склада. Памятаю, як у 80-х мае навучэнцы пачалі прыносіць адсюль у музей чалавечыя косці. Праўда, самастойна мы не мелі права на пошукавыя работы. Толькі ў 2003 годзе, калі адбыліся папярэднія раскопкі і апытанне мясцовых жыхароў, гістарычны факт пацвердзіўся і тут быў усталяваны памятны знак, што сведчыць аб масавым пахаванні яўрэйскага мірнага насельніцтва. Два гады таму мы адсвяткавалі 75-годдзе Перамогі – час, калі з ваенных дакументаў знялі грыф “сакрэтна”. З архіўных звестак стала вядома, што расстрэлам яўрэяў у Наваельні, Дзятлаве і Дварцы займаўся эстонскі батальён, які базіраваўся ў Навагрудку. З’явілася інфармацыя, што ў 1943 годзе ў гэтым жа рове расстралялі яшчэ 500 яўрэяў, прывезеных па чыгунцы, – скончыла свой аповед Тамара Уладзіміраўна.

– Нагадаю, што генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года была ўзбуджана крымінальная справа аб генацыдзе беларускага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у рамках якой у кожным раёне ідуць расследаванні, – прадоўжыў тэму пракурор Алег Вялічка. – Інфармацыя аб масавых расстрэлах у Наваельні ад мясцовых жыхароў паступіла ў ваенкамат у 2003 годзе, расказвалі, што з 1942 па 1943 гады іх тут было тры. Раскопкі пачаліся ў 2004-м, аднак побач стаяў будынак ільноэкспартнай базы, астанкі “заходзілі” пад яго падмурак, таму ўстанавіць межы пахавання на той час не ўдалося. Яўрэйская дыяспара ўсталявала тут помнік з інфармацыяй аб 850 ахвярах. Летась раскопкі правялі зноў: з зямлі былі выняты косныя астанкі не менш чым 62 чалавек ва ўзросце ад 6 да 70 гадоў, іх рэчы. Праўда, па прызнанні мясцовага паліцая Уладзіміра Бортніка, людзей расстрэльвалі ў нацельнай бялізне ці голымі, таму рэчыўных доказаў няшмат, затое знойдзена 358 куль, што даказвае масавасць расстрэлаў. Сёлета пошукавыя работы прадоўжаны.

Алег Валер’евіч запрасіў навучэнцаў і гасцей спусціцца ўніз і на свае вочы пабачыць, што ўдалося адшукаць і якім чынам пашукоўцы ўстанаўліваюць гістарычныя факты. На дне катлавана выкапана некалькі невялікіх траншэй, на поліэтыленавай плёнцы – дзясяткі нядаўніх знаходак, пераважна гэта рэшткі чалавечых касцей.

– Косныя астанкі захаваліся дрэнна, бо, па звестках старажылаў, да месца расстрэла ворагі прывозілі вапну, якая, як вядома, “раз’ядае” арганіку, – тлумачыць пракурор.

Шчыра кажучы, нават даросламу чалавеку чуць і бачыць усё гэта цяжка і жудасна, навучэнцы таксама сцішыліся і не адразу рашаюцца ўзяць у рукі і разгледзець кавалачак калючага дроту, корак, манетку, знойдзеныя на месцы трагедыі.

– Сёння ў вас ёсць магчымасць уласнымі рукамі дакрануцца да ваеннай гісторыі роднага краю, – заўважае іх нерашучасць кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. – Запомніце гэтыя хвіліны, каб расказаць сваім будучым дзецям і ўнукам – гэта ваша місія. У свеце з’яўляецца ўсё больш палітычных сілаў, якія спрабуюць перапісаць гісторыю, абяліць фашызм, даказаць моладзі, якая не застала вайны, што свастыка і ідэалогія нацызму – гэта не кепска, што яны маюць права на існаванне. Вам цяжэй, чым нашаму пакаленню, якое застала ўжывых франтавікоў, вязняў канцлагераў, іншых ахвяраў фашызму, з іх словаў ведае, што хаваецца пад падобнымі заклікамі. Калі мы забудзем пра вайну, пра тое, што на нашай шматпакутнай беларускай зямлі загінуў кожны трэці – усё паўторыцца зноў. Будзьце ўважлівыя да інфармацыі, якую вам падаюць, і захоўвайце памяць, што даверана вам прадзедамі, пранясіце яе ў сваіх сэрцах і перадайце будучым пакаленням.

– Першае верасня ў школах пройдуць тэматычныя ўрокі да Года гістарычнай памяці, мяркую і іншым навучэнцам будзе цікава даведацца пра пошукавыя работы, што сёлета праходзяць у раёне, – зазначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

– Леташняе пошукавае мерапрыемства ў Наваельні на гэтым месцы пацвердзіла, што астанкі ёсць, задача гэтага года – устанавіць прыкладныя межы пахавання, – адзначыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – Пашукоўцы 52-га спецыялізаванага асобнага пошукавага батальёна з Віцебска знаходзіцца на Дзятлаўшчыне з 18 ліпеня, застануцца яшчэ на тыдзень. Яны ўжо выязджалі ў мікрараён аўтазаправачнай станцыі ў Дзятлава, дзе, як меркавалася, у вайну былі расстраляны цыганы, на жаль, там нічога не знойдзена. Выедуць байцы і ў гарпасёлак Казлоўшчына, дзе па існуючых звестках ёсць няўлічанае масавае пахаванне, там таксама будуць праведзены спробныя работы, – анансаваў Генадзь Суравец.

Напрыканцы хочацца адзначыць, што вось так спакваля, па дробязі, па факту аднаўляюцца старонкі роднай гісторыі. Яе папаўняюць рэчыўныя доказы, што трапляюць у рукі экспертаў. На гэты раз іх пабачылі і патрымалі ў руках яшчэ і юныя дзятлаўчане, якія, варта спадзявацца, навучацца думаць, разважаць, знаходзіць праўду і, як смецце, вымятаць са сваёй свядомасці непатрэбны інфармацыйны бруд, які нам навязваюць тыя палітычныя сілы, што імкнуцца пасеяць у грамадстве разлад.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: