Вялікая размова аб прафілактыцы

Важнае Улада

4 ліпеня адбылася каардынацыйная нарада суб’ектаў прафілактыкі раёна пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

Было абмеркавана шырокае кола пытанняў: ад прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, у тым ліку з удзелам непаўналетніх, да супрацьпажарнай бяспекі, бяспечнай жыццядзейнасці, правілаў паводзінаў каля вады.

– Кірунак работы актуальны, – адзначыў Ігар Кухарэвіч, – таму хацелася б пачуць ад дакладчыкаў не толькі статыстычную інфармацыю, але і канкрэтныя прапановы па тых ці іншых напрамках дзейнасці. Спрыяльна складваецца абстаноўка з пажарамі ў раёне, аднак працаваць ёсць над чым, доказ таму – пажар у вёсцы Азяраны, дзе з-за неабачлівасці мужчыны згарэлі хлеў і частка дома. Варта адшукваць новыя формы прафілактыкі, больш слушныя для насельніцтва. Пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона асаблівую ўвагу трэба скіраваць на пажылых грамадзян, банк даных якіх павінен пастаянна абнаўляцца. Ні адзін чалавек сталага ўзросту ў халодны сезон не павінен застацца без увагі і дапамогі. Службам прафілактыкі варта адпрацаваць усе варыянты падтрымкі: каго з пажылых на зіму забяруць сваякі, а каму давядзецца дапамагчы ў рамонце пячнога ацяплення і электраправодкі, бо блізкіх няма. Асваенне праграмных грошай ідзе своечасова, тое ж павінна быць і з планавымі мерапрыемствамі да ацяпляльнага сезона.

Не менш “гарачая тэма” ў сувязі са спякотным надвор’ём – знаходжанне грамадзян на вадаёмах, – падкрэсліў Ігар Станіслававіч. – Ужо было даручана прывесці ўсе знакі, якія забараняюць купанне, у адпаведны заканадаўству стан і ўсталяваць іх на берагах вадаёмаў. Не ўсе справіліся з ім у поўным аб’еме. Занепакоенасць выклікае знаходжанне каля вады дзяцей без нагляду дарослых, ды яшчэ ў забароненых месцах, а трагічных прыкладаў па рэспубліцы, нават на Гродзеншчыне, хапае. Памятайце, што прабелы ў прафілактычнай рабоце вядуць да бяды. Рэйды па месцах, забароненых для купання на Дзятлаўшчыне, праходзяць рэгулярна, аднак яны павінны быць яшчэ і эфектыўнымі, калі людзі не разумеюць словаў – выкарыстоўвайце адміністрацыйны кодэкс.

З дакладам аб стане злачыннасці і правапарушэнняў у раёне ў першым паўгоддзі 2022 года выступіў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віктар Петрукевіч. Ён адзначыў, што назіраецца рост агульнай колькасці злачынстваў, асабліва ў сельскай мясцовасці і ў стане алкагольнага ап’янення. Вядзецца мэтанакіраваная работа міліцыі па папярэджанні п’янства і алкагалізму, прыцягненні да адказнасці асобаў, якія займаюцца вырабам і рэалізацыяй спіртнога: за незаконны абарот алкаголю пакараны 7 грамадзян, канфіскавана 711 літраў спіртаўтрымліваючай прадукцыі.

Зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, разам з тым, яны – галоўная група рызыкі, бо найчасцей не працуюць і вядуць амаральны лад жыцця.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель расказала, што ў іх наладжана супрацоўніцтва з крымінальна-выканаўчай інспекцыяй, ва ўпраўленні ёсць даныя на асобаў, якія вызваляюцца з месцаў адбывання пакарання, аднак не ўсе яны прыходзяць у службу занятасці, а тыя, хто прыйшоў па накіраванне, могуць так і не дайсці да наймальніка.

Ігар Кухарэвіч даручыў удасканаліць работу ў гэтым кірунку, а таксама звярнуць увагу на такі прафілактычны момант, як пазбаўленне дзеяздольнасці грамадзян з групы рызыкі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова азнаёміла прысутных з прадстаўленнем пракуратуры Гродзенскай вобласці аб ухіленні парушэнняў заканадаўства па прафілактыцы наркаманіі, сацыяльнай адаптацыі асобаў, якія злоўжываюць наркатычнымі, псіхатропнымі рэчывамі і іх аналагамі. Вольга Мікалаеўна расказала, што найбольшая колькасць нарказлачынстваў учыняецца ў Гродне, Гродзенскім, Лідскім, Слонімскім раёнах. На Дзятлаўшчыне больш спакойна, аднак праблемныя тэрыторыі – па суседстве, таму ўсю ўвагу трэба скіраваць на прафілактыку. Сярод момантаў, адзначаных у прадстаўленні, – недастатковае ўзаемадзеянне медыцынскай службы і праваахоўных органаў пры рабоце з нарказалежнымі. Удасканальваць трэба і тлумачальную работу з навучэнцамі ўстановаў адукацыі і іх бацькамі, каб падлеткі не станавіліся закладчыкамі ў інтэрнэт-наймальнікаў. У выніку дзеці трапляюць за краты на вялікія тэрміны – да 25 гадоў.

Вопытам забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці грамадзян на тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета падзялілася старшыня сельвыканкама Ганна Жых. Адзначыла, што пры ажыццяўленні прафілактычнай работы найбольш праблем дастаўляюць грамадзяне без рэгістрацыі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Ігар Кухарэвіч даручыў работнікам міліцыі правесці маніторынг гэтай катэгорыі і звярнуць увагу на дамы і кватэры, дзе грамадзяне асацыяльных паводзінаў рэгулярна збіраюцца і злоўжываюць алкаголем.

Дарэчы, стан алкагольнага ап’янення стаў падставай для шэрагу адміністрацыйных пратаколаў, складзеных на непаўналетніх нашага раёна. Усяго ў першым паўгоддзі індывідуальная прафілактычная работа распачата з 14 падлеткамі, учынена 1 хуліганства, яшчэ ў 7 выпадках крымінальныя справы не ўзбуджаліся з-за недасягнення фігурантамі ўзросту адказнасці. Практыка сустрэчаў ва ўстановах адукацыі, летніках, на бацькоўскіх сходах будзе прадоўжана і дапоўнена праглядам тэматычных відэастужак, пошукам больш дзейсных мераў узаемадзеяння.

Абмежаваць доступ дзяцей да нежылых будынкаў папрасіла начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус.

Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі засяродзіў увагу прысутных на бяспечных паводзінах насельніцтва каля вады: работу па ўстаноўцы забараняльных таблічак папрасіў завяршыць, заклікаў наведваць дзятлаўскі пляж, які поўнасцю адпавядае патрабаванням бяспекі. Наперадзе шмат спякотных дзён і “кантрольная праверка”: крыху намаганняў, крыху ўвагі – і бяды на вадзе можна пазбегнуць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga