Важныя і надзённыя пытанні. Работа з насельніцтвам

Важнае Улада

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося ў пашыраным саставе з запрашэннем начальнікаў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак, абмеркаваны стан і шляхі ўдасканалення інфармацыйна-растлумачальнай работы з насельніцтвам на Дзятлаўшчыне; вынікі збору і нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна.

Удзел у рабоце пасяджэння прыняў Ігар Булаўка, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

Ідэалогія – гэта ўсё

– Гэта і эканоміка на прадпрыемстве, і меркаванні людзей, і дысцыпліна на працоўных месцах, і грамадская дзейнасць на карысць свайго населенага пункта, раёна, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Сёння на пасяджэнні мы закранулі важную тэму – па актывізацыі формаў і метадаў работы з людзьмі. У многім тон задаецца на рэспубліканскім і абласным узроўнях, але і ў раёне мы дадаём і рэалізоўваем шмат ініцыятыўных ідэй, праектаў.

У пацвярджэнне словаў кіраўніка раёна ў дакладзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгі Рагачовай прагучала, што прыярытэтнае месца ў інфармацыйна-растлумачальнай рабоце на Дзятлаўшчыне займаюць ужо не проста выступленні перад калектывамі, а сістэматызаваная структура, якая ўключае ў сябе правядзенне Адзіных дзён інфармавання, справаздачы і сустрэчы кіраўніцтва райвыканкама, дэпутацкага корпуса ў працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства, прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, правядзенне прамых тэлефонных ліній, дзён сельскіх Саветаў, дзён адчыненых дзвярэй ва ўстановах і арганізацыях раёна, дыялогавых пляцовак, выступленне кіраўніцтва раёна, лідараў грамадскага меркавання ў сродках масавай інфармацыі, правядзенне ўрачыстых сходаў, мітынгаў, іншых мерапрыемстваў, прысвечаных агульнадзяржаўным, прафесійным, рэлігійным святам, памятным датам.

Усе заўвагі і прапановы, якія паступаюць у час вышэйазначаных мерапрыемстваў, улічваюцца, абагульняюцца і аналізуюцца адпаведнымі галіновымі падраздзяленнямі райвыканкама, ажыццяўляецца кантроль за іх рэалізацыяй.

Даведачна ў лічбах: за першае паўгоддзе 2022 года ў Дзятлаўскім раёне арганізавана работа 41 дыялогавай пляцоўкі; дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў 28 склікання праведзена 565 прыёмаў грамадзян і юрыдычных асобаў; раённымі інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі праведзена 270 сустрэч.

Важная роля ў інфармацыйна-растлумачальнай рабоце з насельніцтвам адводзіцца СМІ. Пад пастаяннай увагай раённай газеты “Перамога” важнейшыя палітычныя падзеі ў краіне, ідэалагічная і выхаваўчая работа, вытворчая дзейнасць калектываў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, устаноў; апавяданні пра людзей працы, пра вядомых землякоў, пытанні адукацыі, культуры, аховы здароўя, экалогіі, адпачынку, спорту, турызму, бяспекі жыццядзейнасці і іншыя.

Значэнне для чытачоў мае тлумачэнне дзейнасці службы “адно акно” райвыканкама, а таксама вынікі прамых ліній і прыёму грамадзян прадстаўнікамі раённага, абласнога і рэспубліканскага органаў улады, на пастаяннай аснове даводзіцца інфармацыя для насельніцтва па змяненнях у заканадаўстве розных напрамкаў: падаткаабкладанне, адукацыя, жыллёва-камунальныя паслугі, дапамогі, пенсіі, правілы гандлю і іншыя.

На пасяджэнні адзначалі і эфектыўнасць крытычных матэрыялаў. За першае паўгоддзе бягучага года ў раённай газеце іх апублікавана 27, у тым ліку ў блогу галоўнага рэдактара “У дэталях”, а гэта – эфектны штуршок для вырашэння праблемнай сітуацыі, у якой вінаватыя, дарэчы, часта не толькі службы і прадпрыемствы, але і самі жыхары раёна з-за ўласнай безгаспадарчасці.

Інфармацыйная прастора Дзятлаўскага раёна ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт прадстаўлена сайтамі райвыканкама, раённай газеты “Перамога”, групамі раённай газеты ў сацыяльных сетках Instagram, “Аднакласнікі”, “ВКонтакте”, тэлеграм-каналамі “Дятлово ОНЛАЙН”, “Дятлово NEWS”, “Сумесны Змястоўны Дайджэст” – сумесны тэлеграм-канал Дзятлаўскага, Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў, інфармацыя ў якіх размяшчаецца ў рэжыме 24/7. Штодня стужка напаўняецца 15-20 навінамі, як з жыцця раёна, так і краіны.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі заўважыў на пасяджэнні, што недастаткова сёння задзейнічаны ў інфармацыйна-растлумачальнай дзейнасці грамадскія аб’яднанні раёна, а лідары грамадскіх аб’яднанняў павінны быць правай рукой ідэолагаў на кожным прадпрыемстве, у арганізацыі.

Гэты аспект агучыў і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка. Ігар Міхайлавіч заўважыў, што сёння ўнутраная і знешняя палітычная і эканамічная абстаноўка сама заклікае да актыўнай ідэалагічнай работы. У першую чаргу, кіраўнік павінен размаўляць са сваім калектывам, вызначаць праблемы і тэмы, якія непакояць людзей, тлумачыць незаконнасць дэструктыўных паводзінаў, дыялогі выбудоўваць у растлумачальнай форме. Памочнікамі кіраўніка ў гэтым павінны выступаць ідэолагі, прафсаюзныя лідары, жансавет і іншыя прадстаўнікі грамадскіях аб’яднанняў.

Таксама абласны госць акцэнтаваў увагу на важнасці падпісной кампаніі на галоўныя выданні: рэспубліканскую газету – “СБ. Беларусь сегодня”, абласную – “Гродзенская праўда” і раённую – (для дзятлаўчан) “Перамога” – гэта “метадычныя дапаможнікі”, дзе галоўная актуальная бягучая тэматыка ўсіх узроўняў поўнасцю распісана.

– Вы будзеце ідэалагічна, заканадаўча падкаваныя і ў тэме апошніх падзей, – падкрэсліў Ігар Булаўка.

 Адходы ў даходы

– Мы на Дзятлаўшчыне надаём шмат увагі нарыхтоўцы арганізацыямі і прадпрыемствамі другаснай сыравіны. Дадзенае пытанне пастаянна разглядаецца на нарадах у райвыканкаме. Праводзілася тлумачальная работа сярод насельніцтва па пытаннях неабходнасці паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і выкарыстанні для гэтых мэтаў спецыяльных кантэйнераў, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ў час разгляду другога пытання праграмы пасяджэння.

Як далажыў у справаздачы начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васілій Пяцюк, у першым паўгоддзі 2022 года ў раёне выканана заданне па зборы і здачы палімерных адходаў, зношаных шын, адпрацаваных маслаў.

Не справіліся з заданнямі па нарыхтоўцы і здачы адходаў паперы і кардона (сабрана 243,1 тоны пры плане 302 тоны), адходаў шкла (сабрана 183,2 тоны пры плане 202 тоны), адходаў электрычнага і электроннага абсталявання (сабрана 11,76 тоны пры плане 21 тона).

– Няма пытанняў да Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, Дварэцкага льнозавода, сельскіх гаспадарак “АграМілк”, “Войневічы”, “Хвінявічы”, “Граніт-Агра”, якія планамерна выконваюць заданне па нарыхтоўцы і збору другасных рэсурсаў, – станоўча характарызаваў арганізацыі Андрэй Садоўскі.

Пры гэтым, заслуханы былі кіраўнікі Новаяльнянскага КХП, ААТ “Дварэц-Агра”, Дзятлаўскай сельгастэхнікі, ЦРБ і іншыя, хто выкарыстаў не ўсе рэзервы для выканання даведзеных заданняў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: