Трывожныя званочкі для бацькоў. Як зразумець, ці не ўжывае дзіця наркотыкі?

Важнае Здарэнні і бяспека

Нават у эпоху інфарматызацыі далёка не ўсе разумеюць вастрату праблемы нарказалежнасці, а яна ва ўсім свеце ўяўляе небяспеку для грамадзян і дзяржаўных інстытутаў.

Злоўжыванне наркотыкамі распаўсюдзілася сярод розных сацыяльных і ўзроставых груп, асабліва ў моладзевым асяроддзі. Дзеці і падлеткі сутыкаюцца з наркотыкамі ў больш раннім узросце, чым яшчэ некалькі гадоў таму.

Якія прыкметы сведчаць аб ужыванні наркотыкаў?

Важна як мага раней заўважыць першыя прыкметы іх ужывання, бо ад гэтага залежыць поспех у пераадоленні праблемы. У знешнасці і паводзінах падлетка павінны насцярожыць:

– сляды ўколаў па ходзе вен на ўнутраным боку локцевых згібаў, кісцях рук, нагах, парэзы на перадплеччах, сінякі;

– млоснасць, затарможанасць, хуткая стамляльнасць, малая рухомасць, расслабленасць канечнасцяў, паніклая галава, цяга да спакою, якія змяняюцца незразумелым узбуджэннем і энергічнасцю, перабіраннем рэчаў, няўседлівасцю, лішнімі рухамі (незалежна ад сітуацыі);

– пагружанасць у сябе, размовы з сабой;

– няўстойлівасць эмацыйнага стану, раптоўныя і рэзкія змены адносінаў да чаго-небудзь, уздым настрою, які змяняецца незвычайнымі раздражняльнасцю, злосцю, панікай, агрэсіўнасцю, варожасцю без прычыны;

– заўважнае памяншэнне або павелічэнне апетыту і смагі;

– пропускі школы без прычыны, абыякавасць да адзнакаў;

– звужэнне кола інтарэсаў, страта цікавасці да ранейшых захапленняў;

– частыя сустрэчы з новымі сябрамі, у знешнасці якіх адзначаюцца пералічаныя прыкметы;

– ігнараванне нармальнага рэжыму, начная бяссонніца;

– няздольнасць думаць лагічна, пагаршэнне памяці і ўвагі;

– неадэкватныя рэакцыі на заўвагі ці пытанні, грубасць;

– хуткае або запаволенае, няскладнае, невыразнае маўленне;

– відавочныя лжывасць, цынізм, неспакой;

– паслабленне сувязяў з бацькамі, іншымі членамі сям’і, непаслухмянасць;

– пастаянны пошук грошай;

– павышаная трывожнасць, хітрасць, імкненне да адзіноты, бадзянняў;

– позняе вяртанне дахаты ў незвычайным стане, які нагадвае алкагольнае ап’яненне, але без запаху спіртнога, і цяжкае прабуджэнне раніцай;

– малазразумелыя размовы па тэлефоне з выкарыстаннем жаргону (“травка”, “ширево”, “колёса”, “план”, “приход”, “мулька”, “джеф”, “ханка”, “кумар” і падобнае), урыўкі фраз (“мне трэба”, “як там справы?”, “дастаў?”);

– чытанне кніг (Карласа Кастанеды, Уільяма Бераўза) і часопісаў, папулярных сярод наркаманаў (“Птюч” і г. д.), рэгулярнае наведванне тэхнаклубаў;

– адмова ад спіртнога (калі перш ахвотна ўжываў);

– неахайнасць у адзенні, агульнае пахудзенне, бледнасць, зямлісты колер або пачырваненне, сальны налёт на твары, кругі пад вачыма, чырвоныя або мутныя вочы, празмерна шырокія або вузкія (да кропкі) зрэнкі, якія не рэагуюць на святло, гіпамімічнасць ці занадта ажыўленая міміка, сухасць, лушчэнне, маршчыністасць і друзласць скуры, цьмянасць і ломкасць валасоў, сухасць вуснаў ці павышанае слінавылучэнне;

– з’яўленне сімволікі наркаманаў (зялёнага пяцілісніка канопляў ці ўсмешлівага тварыка-сімвала ЛСД);

– частае згадванне і пазітыўныя выказванні пра наркотыкі, упэўненае адстойванне свабоды іх ужывання;

– імкненне пазбавіцца ад адказных рашэнняў і разумовага напружання, страта энтузіязму, абыякавасць, безыніцыятыўнасць;

– няўпэўненая, хісткая, няўстойлівая хада, запаволеныя або размашыстыя рухі, павышаная жэстыкуляцыя, калыханне (асабліва яўнае пры закрытых вачах);

– разумовыя, фізічныя адхіленні ад нормы (запаволенае мысленне, зніжэнне рэакцыі, страта вагі, апетыту, дробныя дрыжыкі, часты насмарк, хранічны кашаль, галюцынацыі, дэпрэсія);

– знікненне грошай, рэчаў з дома ці класа;

– раптоўнае з’яўленне цікавасці да хатняй аптэчкі, літаратуры па фармакалогіі, імкненне завязаць знаёмствы з работнікамі аптэк, установаў аховы здароўя;

– пах лекаў і “хіміі” з рота, ад валасоў, адзення (саладкавы пах, як у кмену, мяты, а таксама пах клею, растваральніка);

– знаходжанне ў падлетка рэчаў, спадарожных ужыванню наркотыкаў (парашкі, капсулы, таблеткі, асабліва снатворныя ці заспакойваючыя);

– жоўтыя або карычневыя плямы на адзенні і целе;

– шпрыцы, іголкі, марлевыя і ватныя тампоны, гумовыя жгуты, дробныя грашовыя купюры, згорнутыя ў трубачку ці разарваныя напалову, самакруткі, сухія часткі раслін, папяросы ў пачках з-пад цыгарэт, падобныя на пластылін камячкі з моцным пахам, дзіўнага выгляду трубкі, якія пахнуць зусім не тытунём, абкураныя лыжкі, фольгі з часцінкамі белага парашку ці бурым брудам, ацэтон і іншыя растваральнікі, прамочаныя імі анучы, губкі і поліэтыленавыя пакеты, цюбікі з-пад клею і ёмістасці ад іншай бытавой хіміі.

Што рабіць, калі падазраяце, што дзіця ўжывае наркотыкі?

Калі знайшлі ў дзіцяці наркатычныя сродкі, мяркуйце самае горшае – ён іх ужывае. Прыгледзьцеся да паводзінаў. Рэзкія змены ў іх павінны насцярожыць. Незаўважна праверце, ці няма іншых прыкмет ужывання, што дапаможа своечасова заўважыць бяду, пакуль не позна выправіць становішча. Асабліва будзьце пільныя да сяброў дзіцяці, даведайцеся пра іх як мага больш, паспрабуйце пазнаёміцца з іх бацькамі. У любым выпадку, не саромейцеся гаварыць з дзецьмі пра праблемы нарказалежных – медыцынскія, маральна-этычныя, юрыдычныя.

Калі вы ўпэўнены, што дзіця ўжывае наркотыкі

Скажыце яму прама аб здагадцы і яе прычынах. Цвёрда заявіце, што вы супраць і ўмяшаецеся ў сітуацыю. Калі няма разумення або з’явіўся негатыў – звяртайцеся па дапамогу да нарколага. Не адкладвайце рашучыя дзеянні, бо, калі ёсць яўныя прыкметы ўжывання, неабходна прафесійная дапамога.

Дзмітрый ЛУПАЧ,
намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga