О спорт, ты – свет!

Важнае Спорт і турызм

У Дзятлаве прайшлі спартыўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Так, на стадыёне “Колас” адбыўся таварыскі матч паміж камандамі “Патрыёты” і “Страла”, у састаў якіх увайшлі хлопцы 2004 года нараджэння і маладзейшыя. Па выніках сустрэчы перамогу з лікам 5 : 1 атрымалі “Патрыёты”. Каманды-ўдзельніцы святочнага матча былі ўзнагароджаны дыпломамі.

Тым часам на гарадскім пляжы ішла барацьба за чэмпіёнства ў турніры па валейболе сярод “мікстаў” (мужчына + жанчына). У спаборніцтвах прынялі ўдзел пяць каманд.

У пляжных баталіях не было роўных гасцям з Гродна Вадзіму і Алене Бойкам – яны занялі першае месца. Услед за імі размясцілася каманда ААТ “ААБ Беларусбанк” у саставе Аляксея Юхневіча і Анастасіі Калодка, “бронзавая” перамога – у гульцоў Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” Васіля Русіна і Таццяны Макарчык. Лепшым “мікстам” уручылі дыпломы, а чэмпіёнам яшчэ і кубак.

Таксама ў святочны дзень праходзіў міжраённы асабіста-камандны турнір па шахматах, які сабраў гульцоў з Дзятлаўшчыны, Лідчыны і Слонімшчыны. У камандным заліку першае месца заняў Лідскі раён, на другім – Дзятлаўскі, трэцяе – у Слонімскага; у асабістым – лепшым гросмайстрам стаў Ілья Карэнік (горад Ліда), сярэбраны і бронзавы вынікі – у Данііла Даржынкевіча (горад Ліда) і Уладзіміра Літвіна (горад Слонім).

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Фота аўтара і ўдзельнікаў спаборніцтваў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga