“Непадуладна памяць часу” (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

Урачысты канцэрт пад такой назвай прайшоў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці напярэдадні Дня вызвалення горада Дзятлава.

Гледачы наведалі і тэматычную выставу ў фае, якая была падрыхтавана Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем і цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Відэа “Сустрэча на Шчары” пагрузіла прысутных у атмасферу мінулага. Прайшло 77 гадоў, але “летапіс адвагі” нашых продкаў, якія абаранілі свабоду і незалежнасць Радзімы і Дзятлаўскага краю, перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Вядучыя Наталля Маліноўская і Чэслаў Свіб расказалі, што на Дзятлаўшчыну вайна прыйшла 28 чэрвеня 1941 года. Першы бой адбыўся паміж Каменкай і хутарам Клешч. Каля гадзіны дня з боку дзятлаўскіх могілак пачуўся стрэл гарматы, снарад разбіў машыну, 2 салдаты былі паранены. Стралялі, пасля абеду бамбілі нямецкія самалёты, на дарозе засталося шмат забітых і параненых. Два дні доўжыўся бой, 14 загінулых чырвонаармейцаў пахавалі ў адной магіле. Хто яны, невядомыя героі, якія сваёй адвагай вымусілі нямецкага афіцэра пахаваць іх з усімі вайсковымі ўшанаваннямі?

У час акупацыі раёна было забіта больш за 20 тысяч воінаў, партызан, мірных жыхароў, лёс Хатыні раздзялілі 6 вёсак Дзятлаўшчыны, не забыць трагедый дзяцей дзятлаўскага прытулку, міжнароднага піянерскага лагера “Наваельня”, масавага забойства яўрэяў.

На досвітку 9 чэрвеня 1944 года ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” часці 3-й арміі 2-га Беларускага фронту разгарнулі наступленне на Дзятлава. На подступах да пасёлка гітлераўцы аказалі ім моцнае супраціўленне, але да 11 гадзін раніцы воіны 283-й Гомельскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі ордэна Суворава на чале з палкоўнікам Васілём Канавалавым прарвалі абарону і вызвалілі гарадскі пасёлак.

У памяць аб гэтай шчаслівай падзеі на святочным канцэрце гучалі песні ў выкананні Івана Кашко, Ганны Харлінскай, Алы Чарняўскай, Алены Гузавец, Таццяны Шостка, Максіма Маліноўскага, Сяргея Малышчыка, Генадзя Сураўца, юных зорачак раёна, іншых артыстаў. Яны жадалі Дзятлаву далейшага росквіту, а жыхарам раёна – шчасця, міру, моцнага здароўя, радасці і дабрабыту.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga