Крымінальная хроніка.Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 18 па 24 ліпеня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 71 паведамленне, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 25 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 43 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 29 правапарушальнікаў, узбуджана 7 крымінальных спраў.

Знайшлі, чым крыць

Пакуль гаспадар адной з нежылых хат, што дасталася яму ў спадчыну ў вёсцы Пецюкі, адсутнічаў, домаўладанне наведалі злодзеі. У выніку іх супрацьпраўнай дзейнасці з гаспадарчай пабудовы было пазрывана і скрадзена 60 лістоў шыферу на суму 295 рублёў.

Яшчэ адзін крадзеж адбыўся ў вёсцы Зарой, дзе са склепа мясцовага пенсіянера вынеслі 4 металічныя перакрыцці агульным коштам 130 рублёў.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжоў, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару.

Майстар залатыя рукі?

Крымінальная справа за крадзеж узбуджана на раней не судзімага жыхара аграгарадка раёна. Як высветлілі праваахоўнікі, менавіта ён у чэрвені наведаўся ў незачыненую хату земляка і, скарыстаўшыся адсутнасцю гаспадара, забраў з сабой балгарку, электралобзік, 3 абразныя кругі і стамеску на суму 270 рублёў. За свой незаконны ўчынак мужчына адкажа перад судом.

Востры аргумент

Усур’ёз успрыняла пагрозы сужыцеля жыхарка аграгарадка раёна: у час сваркі мужчына прыстаўляў ёй да горла нож і абяцаў забіць. Аб непрыемным здарэнні пацярпелая расказала праваахоўнікам – на хатняга тырана ўзбуджана крымінальная справа.

Куды “плывуць” тысячы?

Ад дзеянняў невядомага злодзея з інтэрнэта пацярпела дзятлаўчанка, з карткі якой спісана 1025 рублёў, узбуджана крымінальная справа. Гэта не самая буйная сума мінулага тыдня: яшчэ адна наша зямлячка “для садзейнічання ў барацьбе з махлярамі” пералічыла ім жа 12 900 рублёў.

Павышалі працаздольнасць?

На мінулым тыдні нецвярозымі працавалі і былі затрыманы работнік аднаго з прадпрыемстваў раёна, на якога складзены адміністрацыйны пратакол, а таксама два вартаўнікі і даярка адной з гаспадарак раёна, якія папярэджаны аб недапушчэнні падобных парушэнняў у далейшым.

У дадатак да зарплаты?

Палепшыць свой дабрабыт за кошт арганізацый, дзе працуюць, на мінулым тыдні спрабавалі двое нашых землякоў. Так, у гаспадарчай пабудове на падворку работніка сельгаспрадпрыемства раёна было знойдзена і канфіскавана 130 кілаграмаў мукі на 54 рублі, якую мужчына скраў з фермы. Складзены адміністрацыйны пратакол.

Праваахоўнікі праводзяць праверку і ў адносінах да вартаўніка яшчэ адной гаспадаркі, якога падазраюць у крадзяжы з фермы малака.

Не тое зелле вырасла

У рамках спецыяльнай праграмы “Мак”, скіраванай на спыненне распаўсюджвання наркотыкаў расліннага паходжання, праваахоўнікі на мінулым тыдні правяралі ўчасткі жахароў Вензавецкага сельсавета. У дзвюх пенсіянерак знайшлі і знішчылі каля 5 кілаграмаў маку. Жанчыны папярэджаны аб недапушчэнні яго вырошчвання.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga