Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 11 па 17 ліпеня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 83 паведамленні, 9 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 22 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 52 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 23 правапарушальнікі, узбуджана 7 крымінальных спраў.

Вынес “модны прысуд”?

Крымінальная справа за крадзеж узбуджана на невядомага злодзея, які наведаўся ў вёску Навасёлкі, вырваў дзвярны прабой у адной з мясцовых дач і забраў адтуль швейную машынку “Орша” і два чамаданы адзення, якія належалі гаспадыні-пенсіянерцы. Скрадзеная маёмасць ацэнена ў 550 рублёў.

Ні абновак, ні грошай

Дзятлаўчанка ў сацыяльнай сетцы “Інстаграм” скантактавала з прадаўцом адзення, якое пажадала набыць. Гандляр з інтэрнэта прапанаваў жанчыне перавесці яму грошы за пакупку, усяго 69 рублёў, на карт-рахунак. У выніку пакупніца так і не дачакалася сваёй абноўкі, а праваахоўнікі высветлілі, што банкаўская картка злодзея імітавана банкам ЗША.

Літаральна праз дзень ахвярай невядомага інтэрнэт-злачынцы стала яшчэ адна наша зямлячка, якая “пазбавілася” 778 рублёў са свайго карт-рахунка. Па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы.

Працавалі “пад градусам”

На мінулым тыдні нецвярозымі на працоўным месцы былі затрыманы два аператары збожжасушыльнага комплексу адной з гаспадарак раёна: на аднаго з работнікаў складзены адміністрацыйны пратакол, другі – папярэджаны аб недапушчэнні падобных парушэнняў у далейшым.

Яшчэ ў адной гаспадарцы раёна п’яным на рабоце быў жывёлавод, які за свой учынак “зарабіў” адміністрацыйны пратакол.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga