Калі што робім для Бога, робім для душы. Уладыка Гурый наведаў Дзятлаўшчыну

Галоўнае Улада

17 ліпеня стала адметным днём для святароў і прыхаджан сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве: божую літургію ў саслужэнні з клірыкамі епархіі і храма тут правёў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый.

Уладыку ўрачыста сустракалі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Андрэем Садоўскім, а таксама старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, які гасцяваў на малой радзіме. Сёстры сястрынства Святой Блажэннай Ксеніі Пецярбургскай і дзятлаўчане да сустрэчы ўпрыгожылі двор храма кветкамі і па добрай хрысціянскай традыцыі віталі архіепіскапа хлебам-соллю на парозе сабора.

У час літургіі разам маліліся аб здароўі, міры і дабрабыце, ладзе ў сем’ях, каб Гасподзь дараваў дабрыню, мудрасць, цярпенне жыхарам нашай краіны.

– Для шчасця чалавечага недастаткова, каб быў толькі хлеб на стале, хаця і ён нам патрэбны, – звярнуўся з пропаведдзю да вернікаў напрыканцы службы Уладыка Гурый. – Яшчэ трэба прыходзіць у храм і “пітаць” сваю душу божай мiласцю. Асабліва прыемна было памаліцца ў дзятлаўскім саборы, які доўга і з цяжкасцямі будаваўся, але стаў адным з прыгажэйшых храмаў нашай епархіі. Таму хочацца падзякаваць яго дабрадзеям і ахвяравальнікам, найперш, старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілу Орда. Ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна я сёння ўручаю Міхаілу Сяргеевічу ордэн Беларускай праваслаўнай царквы свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені. За дапамогу храму Епархіяльным медалём Навагрудскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага ІІ ступені ўзнагароджваецца старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. За працу на славу Божай царквы медалямі Навагрудскай епархіі прападобнага Елiсея Лаўрышаўскага адзначаны Алена Лукіянец і Наталля Белаус.

Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый уручыў архіерэйскія граматы і падзякі і іншым прыхаджанам, якія шмат сілаў і энергіі аддаюць для добраўпарадкавання храма і каб тут пастаянна ўзносіліся малітвы Богу, падзякаваў за служэнне благачыннаму Дзятлаўскай акругі іерэю Іаану Кісялю.

З урачыстым багаслужэннем прысутных павіншаваў Міхаіл Орда, ён адзначыў, што галоўныя духоўныя законы, па якіх мы жывём, прадпісваюць нам не забіваць, не красці, не здраджваць. Як вернікі і сумленныя грамадзяне мы з уладай павінны рабіць наша жыццё добрым і справядлівым. Ён пажадаў усім міру, шчасця, дабрабыту, падзякаваў за ўзнагароду.

Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі назваў сёлетні год важным для краіны і Праваслаўнай Царквы, якая адзначае сваё 1030-годдзе, таксама сёлета святкуем і 30-годдзе Навагрудскай епархіі. З гэтай нагоды на Дзятлаўшчыне пачнецца рэалізацыя праекта па будаўніцтве пяці памятных знакаў на тэрыторыі раёна. Вернікі станоўча адгукнуліся на гэту прапанову, што гаворыць аб тым, што вера наша глыбокая і ўсе мы адзіныя. Андрэй Уладзіміравіч падзякаваў духавенству за супрацоўніцтва і падтрымку ў добрых справах на карысць раёна.

Ірына СТЫРНІК

Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: