Дзелавы панядзелак. Тактычныя задачы, прафілактыка і бяспечны адпачынак

Важнае Улада

На гэты раз на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама гучалі тэмы ўборачнай кампаніі; прыцягнення ў гаспадарчы абарот аб’ектаў нерухомай маёмасці, якія доўгі час не выкарыстоўваюцца; рамонту жылых дамоў і вуліц; школьных праектаў і адпачынку дзяцей.

Стратэгія адначасовых работ

Сельская гаспадарка сёлета сутыкнулася з наплывам розных відаў работ аднамомантна. Позняя вясна “ссунула ў адзін рухавік” касьбу і жніво. А ўборачная кампанія – гэта найважнейшы этап сельгасработ, які шмат у чым вызначыць, што будзе ў засеках і на сталах, тут не паслабішся.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі заклікаў аграрыяў быць уважлівымі і аператыўнымі.

– З аднаго боку, уборачная – гэта традыцыйнае штогадовае мерапрыемства, тэхналогія працэсу выбудаваная, ён рытмічны, і дзятлаўскія гаспадаркі паступова будуць уцягвацца ў масавую ўборку. З другога – у гэтага года ёсць свае асаблівасці. Умовы надвор’я адбіліся на фарміраванні культур, прыйдзецца ўбіраць адначасова рапс, лён і збожжавыя, кантраляваць нагрузку на зернеачышчальна-сушыльныя комплексы. Нашы аграрыі ўжо прыступілі да ўборкі азімага ячменю, сурэпіцы. Па нарыхтоўцы кармоў – лічу, сена трэба “закрываць”, – адзначыў кіраўнік раёна.

Андрэй Уладзіміравіч, па выніках аб’езду гаспадарак у выхадныя дні, у час нарады зрабіў некалькі заўваг у бок іх кіраўнікоў па кантролі за выкананнем правілаў аховы працы работнікамі, забеспячэнні спецадзеннем і абуткам механізатараў, сродкамі пажаратушэння – камабайнаў і КЗСаў.

Праваахоўнікам даручана наладзіць пільны кантроль за ходам жніва, ратаўнікам – яшчэ раз праверыць супрацьпажарную гатоўнасць гаспадарак.

Кіпіць работа і ў будаўнікоў

Не толькі ў аграрыяў гарачая пара, будаўнікі і камунальнікі таксама карыстаючыся ўмовамі надвор’я б’юць рэкорды па выкананні тых ці іншых відаў работ.

На бягучым тыдні плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новы арэндны дом, створаны на базе будынка былога інтэрната сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя ў Казлоўшчыне. 34 кватэры з годным рамонтам чакаюць сваіх навасёлаў.

Вуліца Кірава ў Дзятлаве “дачакалася” рамонту. Работы па замене праблемнага, зношанага з цягам часу асфальтавага пакрыцця, у тым ліку пешаходных дарожак, пачнуцца гэтымі днямі.

Камунальная служба актыўна вядзе рамонт і замену каналізацыйных сетак на вызначаных планавымі праектамі ўчастках. 35 жылых дамоў і 16 кацельняў ужо прайшлі падрыхтоўку да ацяпляльнага перыяду.

Усе адказныя структуры працягваюць абкошванне паркавых зон, газонаў, абочын як у населеных пунктах, так і па-за іх межамі, тэрыторый сельскіх саветаў.

На кантролі трымае кіраўнік раёна знос будынкаў былых ФАПаў у Прудзе, Дзямянаўцах, Малдавічах, Лядзінах.

Таксама старшыня райвыканкама даручыў свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку сумесна з зацікаўленымі структурамі прапрацаваць і вызначыць аб’екты для фарміравання планаў па правядзенні капітальнага рамонту жыллёвага фонду ў наступным годзе.

Занятасць і бяспека дзяцей

Лета для дзяцей – час забаваў, адпачынку, радасных эмоцый, бесшабашных і запамінальных учынкаў. Для дарослых – дадатковай павышанай адказнасці за дзяцей і іх неабдуманныя дзеянні.

Спякотнае надвор’е. Супрацоўнікі дзятлаўскіх РАНС, АСВОДа, міліцыі штодзённа інспекціруюць вадаёмы. Ёсць заўвагі, фіксуюцца факты, калі дзеці каля вадаёмаў знаходзяцца без суправаджэння дарослых. На жаль, у вобласці ёсць трагічныя прыклады пакідання дзяцей адных каля вады – у Ваўкавыскім раёне 9 ліпеня ў мелавым кар’еры патанула 6-гадовая дзяўчынка.

Аддзел адукацыі райвыканкама максімальна імкнецца прывабіць юных дзятлаўчан у аздараўленчыя летнікі. 29 летнікаў на базе ўстановаў адукацыі раёна ўжо завяршылі сваю дзейнасць. Зараз працуюць тры кругласутачныя і тры дзённага знаходжання. Працягваюць работу студатрады. Таксама сёлета школьнікаў раёна ўпершыню запрасіла на аплатныя сельскагаспадарчыя работы гаспадарка прыватнай формы ўласнасці “РоданАгра”.

Ірына КАМАРОВА



Теги: