Дзелавы панядзелак. Работа павінна быць эфектыўнай

Важнае Улада

У кіраўніка раёна шмат клопатаў: ідзе гаворка аб бюджэце, жніве, аб пашкоджанай цеплатрасе, адкрыцці дзіцячага садка або аб рамонце жылля – усё патрабуе яго ўвагі.

Андрэй Садоўскі без увагі ні адно пытанне не пакідае, таму раніца панядзелка па традыцыі ў райвыканкаме пачынаецца з абмеркавання самых надзённых, актуальных тэм і праблем.

Добра б ехаць

На гэты раз першая тэма, якая прагучала – работа дарожных службаў. На нараду былі запрошаны кіраўнікі Дзятлаўскага ДРБУ № 119 і Навагрудскага ДЭУ № 56. Гэтыя арганізацыі займаюцца будаўніцтвам, абслугоўваннем і рамонтам аўтамабільных дарог на тэрыторыі нашага раёна. Прэтэнзія, якую агучыў старшыня райвыканкама прадстаўнікам абедзвюх арганізацый, заключалася ў несвоечасовым абкошванні абочын аўтадарог, няякаснай уборцы дарог мясцовага значэння, перагружаных кантэйнерах для смецця на прыпынках транспарту. Больш пытанняў і заўвагаў было да суседзяў, паколькі на трасе ў бок Навагрудка не выконваюцца графікі падкоскі, прадпрыемствам ігнаруюцца выпісаныя Дзятлаўскім райЦГЭ прадпісанні.

Бяспечная ўборачная

Пажарная бяспека на аб’ектах сельскай гаспадаркі падчас уборачнай кампаніі – адно з ключавых пытанняў, якія зараз у цэнтры ўвагі дзятлаўскіх ратаўнікоў. Да таго, як камбайны выходзяць у поле, супрацоўнікі РАНС ажыццяўляюць рэйдавыя мерапрыемствы. Акцэнт – на падрыхтоўку работнікаў, задзейнічаных на ўборцы, а таксама на аснашчанасць тэхнікі першаснымі сродкамі пажаратушэння.

Таксама аддзел па надзвычайных сітуацыях сёння аказвае паслугу па пажарным прыкрыцці. Дагаворы з ратаўнікамі заключылі тры гаспадаркі: “Войневічы”, “Граніт-Агра” і “Жукоўшчына”.

– Пры гэтым, не трэба самасупакойвацца і спадзявацца толькі на прыкрыцце. Гаспадаркі самі павінны прыняць неабходныя меры: перад пачаткам работ поле ў месцах прымыкання да лясных і тарфяных масіваў, аўтамабільных дарог трэба абараць, нагадаць механізатарам інструктажы, як дзейнічаць у экстраннай сітуацыі, увогуле ўсім удзельнікам жніва выконваць правілы пажарнай бяспекі, – адзначыў старшыня райвыканкама.

Ці запоўнім засекі?

У працяг тэмы сельскай гаспадаркі. Уборачная кампанія пачалася ў раёне на мінулым тыдні, яшчэ не ўвайшла ў самую актыўную фазу. З-за нестабільнага надвор’я, павышанай вільготнасці аграрыі адстаюць на паўтара тыдня ў параўнанні з 2021 годам. У такіх умовах не ўяўляецца магчымым адразу ў перыяд уборкі ўраджаю размясціць усё збожжа ў добра абсталяваныя сховішчы. Падрыхтаваць пляцоўкі з цвёрдым пакрыццём, назапасіць плёнку для арганізацыі часовага захоўвання ўраджаю перад далейшай апрацоўкай і сушкай настройваў аграрыяў старшыня райвыканкама ў час нарады.

Таксама Андрэй Садоўскі даў заданне свайму першаму намесніку – начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку трымаць на кантролі работу сельгаспрадпрыемстваў па ўборцы саломы, апрацоўцы фунгіцыдамі буракоў, вытворчасці малака.

Прывабныя ягадныя і грыбныя мясціны

Дзятлаўшчына славіцца лясамі, багатымі на дары прыроды. Ягаднікаў і грыбнікоў тут незлічона ўсё лета. Аднак “ціхае паляванне” амаль не ператвараецца ў трагедыю, калі людзі абыякава адносяцца да любімага баўлення часу. На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне два чалавекі па двое сутак правялі ў лесе. Пашчасціла, не памерзлі, бо адносна цёплыя ночы, і бо супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў настойліва займаліся іх пошукам. Абодва грыбнікі знойдзены жывымі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: