Чым мацнейшы сапернік – тым цікавейшая гульня!

Галоўнае Спорт і турызм

Так лічыць наша маладая зямлячка Дар’я Петрыкевіч, якая сябруе са спортам і ўжо некалькі гадоў запар усур’ёз захапляецца жаночым футболам.

Літаральна нядаўна Даша стала ўладальніцай бронзавага медаля і адпаведнага дыплома за ІІІ агульнакаманднае месца па футболе ў саставе жаночай зборнай каманды Гродзенскай вобласці ў фінале адкрытай рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў-2022, якая праходзіла 13-23 чэрвеня ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Оршы, Брэсце і сабрала больш за 3 тысячы навучэнцаў з розных куткоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

Цікаўлюся ў юнай футбалісткі, з чаго пачыналіся яе поспехі.

– Два гады таму я выступала за наш раён на абласных футбольных спаборніцтвах у Ашмянах з камандай дзяўчынак, якая тады так і называлася – “Дзятлава”. Мяне заўважылі: напрыканцы сустрэчы падышоў трэнер і сказаў, што калі я хачу развівацца ў футболе, то трэба падумаць аб залічэнні ў састаў жаночай каманды “Дынама-Мінск”, даныя для гэтага ў мяне ёсць. Расці і развівацца як футбалістка я хацела, пачала цікавіцца ў інтэрнэце пра клуб “Дынама”. У выніку такі трапіла туды на першую трэніроўку і пасля яе адразу была залічана ў асноўны састаў жаночай каманды з умовай “вельмі старацца”, бо ўзрост, у якім прыходзяць у вялікі футбол на той час значна перарасла. Паралельна пачала ўдзельнічаць у абласных зборах і гуляць у футбольнай жаночай зборнай Гродзенскай вобласці. Летась наша гродзенская зборная ў адкрытай рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў заняла 6 месца, а сёлета мы здолелі падняцца на трэцюю прыступку футбольнага п’едэстала і стаць бронзавымі прызёрамі фінальных спаборніцтваў.

– Ці шмат узнагарод у тваёй спартыўнай скарбонцы?

– Яна дастаткова важкая. Галоўнае са спартыўных дасягненняў – І месца ў Рэспубліцы Беларусь па футболе ў саставе жаночай каманды “Дынама-Мінск”, дзякуючы якому кожны ігрок атрымаў званне КМС (кандыдат у майстры спорту), якое на працягу года дае магчымасць пазаконкурснага залічэння ў любое ВНУ краіны на спартыўны факультэт. Праўда, я дзесяцікласніца, аднак упэўнена, што наша каманда пераможа і ў гэтым футбольным сезоне, і пасля выпускнога я атрымаю новую магчымасць стаць студэнткай без уступных іспытаў.

– Якімі былі твае першыя крокі ў спорт, хто прывіваў любоў да футбола?

– Шчыра кажучы, я бо ўспрымала дзявочы футбол без асаблівага энтузіязму. Неяк настаўнік фізкультуры Уладзімір Якаўчык сказаў, што я даволі спартыўная і рухавая дзяўчынка, таму буду выступаць на раённых футбольных спаборніцтвах. Супраціўлялася як магла, але на гульню пайшла. Прызнацца, больш падабалася “ганяць мяч” са знаёмымі хлопчыкамі ў двары. З цягам часу развіваць на Дзятлаўшчыне дзявочы футбол стаў Уладзімір Ганчар. Што гульня стане для мяне захапленнем, не думала, пакуль не стала назіраць за Карынай Альховік, якая на полі адчувала сябе, як рыбка ў вадзе: хуткая, спрытная, паспяхова выкарыстоўвала падманныя манеўры – мне захацелася быць да яе падобнай.

– Як удаецца падтрымліваць форму і трэніравацца?

– Пра абласныя зборы я расказвала, але ёсць яшчэ і рэспубліканскія трэніроўкі, якія можна назваць “футбольнымі выхаднымі”. Кожны тыдзень я езджу ў Мінск: па пятніцах-суботах – трэніроўкі, а ў нядзелю – гульня, ці наадварот. Бываюць спаборніцтвы па буднях, тады таксама знаходжу магчымасць выехаць у сталіцу. Усе паездкі “спансіруе” тата, Аляксей Валер’евіч, ён жа мой галоўны матыватар і балельшчык. Прыемна бачыць яго шчаслівы твар на трыбуне, калі гуляю, тады яшчэ больш хочацца яго парадаваць. Тата – мой самы надзейны трэнер, дзякуючы яго намаганням, дасягаю многіх поспехаў, бо па буднях толькі двойчы праходзяць мае трэніроўкі з дзятлаўскай мужской футбольнай камандай другой лігі Гродзенскай вобласці, а ўвесь астатні час за маім фізічным станам сочыць ён.

– Што даюць табе футбол і заняткі спортам?

– Футбол змяніў мяне ў фізічным і маральным плане, зрабіў самастойнай. Стала я і больш адкрытай, дружалюбнай, як і ўсе члены нашай каманды. Лічу, што спорт выдатна ўмацоўвае характар і камандны дух.

– Кім сябе бачыш у дарослым жыцці?  

– У будучым хацелася б сумясціць прыемнае з карысным: гуляючы ў футбол, яшчэ і прадоўжыць сямейную педагагічную дынастыю, бо мае дзядуля Валерый Міхайлавіч і бабуля Наталля Георгіеўна Петрыкевічы былі настаўнікамі. У любым выпадку, вялікі спорт пакідаць не збіраюся.

– Чаго жадаеш моладзі і сваім равеснікам?

– Гуляйце ў футбол, любіце яго. Спорт – гэта эмоцыі, захапленне, любоў на ўсё жыццё. Ён дапамагае знайсці сапраўдных сяброў і знаёмых у розных кутках свету, займець адданых фанатаў.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Дар’яй ПЕТРЫКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga