Будзьце асцярожныя на жніве!

Важнае Здарэнні і бяспека

Набліжаецца час уборкі ўраджаю.

У сувязі з гэтым нагадваем работнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна аб мерах бяспекі пры выкананні работ у ахоўных зонах паветраных ліній электраперадачы.

Пры рабоце сельскагаспадарчых машын у ахоўных зонах паветраных ліній забараняецца:
* абслугоўваючаму персаналу знаходзіцца на машыне па-за кабінай ці ахоўным казырком, выконваць рамонтныя работы;

* працаваць у час навальніцы ці пры яе набліжэнні;

* знаходзіцца ў пралётах паветраных ліній, набліжацца да апораў, дзе ёсць адарваныя правады, а таксама да адарваных правадоў, якія ляжаць на зямлі, на адлегласць менш за 8 метраў;

* набліжацца да дрэва, якое ляжыць на правадах, менш чым на 8 метраў;

* знаходзіцца на высокагабарытных машынах пад правадамі паветраных ліній на ўчастках, якія маюць няроўны рэльеф;

* працаваць са стогакідальнікам, транспартаваць стагі саломы, сена і іншых падобных грузаў;

* запраўляць машыны гаручым і спыняць іх (пры аварыйным прыпынку машына ў самы кароткі тэрмін павінна быць выдалена з ахоўнай зоны паветраных ліній электраперадачы).

Пры падзенні проваду на машыну вадзіцель павінен неадкладна яе спыніць. Калі пры гэтым можна вызваліць машыну ад адарванага проваду, адъехаць ад яго, то неабходна гэта зрабіць як мага хутчэй, а пра здарэнне паведаміць у Дзятлаўскі РЭС па мабільнай сувязі. Калі ў вадзіцеля няма магчымасці пазваніць, гэта павінен зрабіць назіральнік. Набліжацца да такой машыны бліжэй чым на 8 метраў забаронена.

Пры рабоце машыны без назіральніка вадзіцель павінен сігналам трывогі прыцягнуць увагу вадзіцеля бліжэйшай машыны, які, ацаніўшы абстаноўку, павінен паведаміць у Дзятлаўскі РЭС.

Калі ў выніку падзення проваду або пры ўзнікненні электрычнага разраду машына загарэлася, то абслугоўваючы персанал павінен неадкладна яе пакінуць, але зрабіць гэта так, каб не было адначасовага дотыку да машыны і зямлі. Лепш за ўсё саскочыць на зямлю на абедзве сагнутыя нагі, не трымаючыся за машыну, аддаліцца ад яе скачкамі на адной або дзвюх злучаных разам нагах на адлегласць 8 метраў. Да прыбыцця спецыяльнай брыгады забараняецца прымаць якія-небудзь дзеянні па пажаратушэнні машыны і набліжацца да яе.

Калі вы сталі сведкам парушэння правілаў электрабяспекі або заўважылі пашкоджанні электрычных сетак, трансфарматарных падстанцый, неадкладна паведаміце па тэлефоне 2-10-36 або 144 дзяжурнаму дыспетчару Дзятлаўскага РЭС. Гэтым вы можаце ўратаваць чалавечае жыццё.

Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС
Вячаслаў ПЯТРАШ,
дзяржаўны інспектар па энергетычным і газавым наглядзе