Аляксандр Ламака: “Галоўнае – гэта ўвага да людзей”

Важнае Грамадства

1 ліпеня стала адметным днём для аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

На сходзе асабовага саставу супрацоўнікі ўшанавалі і павіншавалі самымі цёплымі, шчырымі словамі паважанага юбіляра – старшыню ветэранскай арганізацыі і былога начальніка аддзела міліцыі Аляксандра Ламаку.

Аляксандр Вікенцьевіч сёлета адзначае сваё 80-годдзе, хаця такі шаноўны ўзрост цяжка даць гэтаму актыўнаму, заўсёды бадзёраму і аптымістычна настроенаму чалавеку. Нездарма ўжо некалькі дзесяцігоддзяў прадаўжаецца яго плённае ўзаемадзеянне і сяброўства з аддзелам, былымі і цяперашнімі супрацоўнікамі.

– Аляксандр Вікенцьевіч – асоба, можна сказаць, знакавая, – віншуючы юбіляра, ахарактарыхаваў яго намеснік начальніка АУС райвыканкама Ігар Хітро. – Пад яго кіраўніцтвам у свой час быў узведзены будынак, дзе і сёння знаходзіцца дзятлаўская міліцыя. Ён і цяпер у страі, бо з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі аддзела. На Гродзеншчыне, здаецца, няма ніводнага старшыні ветэранскай пярвічкі з такім жа важкім стажам. Аляксандр Вікенцьевіч водзіць аўтамабіль, ходзіць на рыбалку, вядзе актыўны лад жыцця, ён вырасціў 4-х сыноў, 3-е з якіх служылі ў органах унутраных спраў. Мы і надалей жадаем юбіляру бадзёрасці духу, сілаў, нястомнай энергіі на многія гады.

Ігар Хітро ўручыў Аляксандру Ламаку кветкі і падарунак.

Эстафету віншаванняў пераняла старшы інспектар міліцыі Ірына Касянкова, якая пажадала Аляксандру Вікенцьевічу больш светлых дзён, здзяйснення запаветных мараў, моцнага здароўя, клопату і ўвагі блізкіх.

Сапраўдным прафесіяналам, да якога можна звяртацца па слушныя парады, назваў юбіляра начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Андрэй Юшкевіч, пажадаў Аляксандру Вікенцьевічу ніколі не страчваць таго нязгаснага энтузіязму, якім ён шчодра дзеліцца з маладымі супрацоўнікамі.

Юбіляр падзякаваў за цёплыя словы, расказаў, што большая частка яго працоўнага жыцця звязана з міліцыяй, таму і сёння, пераступаючы парог роднага аддзела, ён кожны раз нібыта вяртаецца дадому. Адразу ўзгадваецца час, калі працаваў амаль без выхадных і водпускаў, не лічыўся з вольнымі хвілінкамі. Аднак, нягледзячы на складанасці службы, заўсёды стараўся быць уважлівым да людзей.

– Прытрымлівайся закона, рабі па-людску – і ўсе будуць цябе паважаць, – такой простай ісціне Аляксандр Вікенцьевіч і цяпер вучыць супрацоўнікаў міліцыі.

Сам ён не саромеецца глядзець у вочы землякам, расказвае, што нават тыя, каго калісьці затрымліваў за злачынствы, не маюць у душы крыўды на яго.

Як кіраўнік ветэранскай арганізацыі Аляксандр Ламака імкнецца, каб ніхто з былых работнікаў і пажылых членаў іх сем’яў не заставаўся без увагі. Звычайны візіт, добрае слова, нават простая дапамога ў дастаўцы прадуктаў – гэта справы, якія зрабіць не складана, а карысць прыносяць вялікую. Сярод даўніх традыцый ветэранскай арганізацыі і ўшанаванне памяці былых супрацоўнікаў.

На пытанне, які выпадак з міліцэйскай практыкі ўзгадваецца часцей за ўсё, Аляксандр Ламака зазначае: “дзень, калі быў на валасок ад гібелі”. Адбылося гэта у вёсцы Старына, дзе на танцах забілі маладога хлопца. Калі шукалі вінаватага, Аляксандр Вікенцьевіч палез на паддашак адной з хат. Зазірнуў у дзверы, ды ўзгадаў, што з сабой няма ліхтарыка, спусціўся. Забойцу затрымаў пазней, праз шмат гадоў гэты чалавек, які ўжо выйшаў на волю, прызнаўся, што на паддашку стаяў з віламі напагатове, і ўсяго адзін крок аддзяляў работніка міліцыі ад смерці.

Тым не менш, Аляксандр Ламака не шкадуе, што 25 лепшых гадоў свайго жыцця аддаў нялёгкай службе, шануе яе традыцыі і спадзяецца, што маладое пакаленне міліцыянераў дастойна прадоўжыць справы старэйшых калегаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga