Заўсёды ваш, Аляксандр Саладуха!

Важнае Культура і адпачынак

29 чэрвеня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці са сваёй сольнай праграмай “Молодые пацаны” выступіць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха.

Яркі і харызматычны выканаўца, знаёмы кожнаму з нас сваімі хітамі “Виноград”, “Здравствуй, чужая милая”, не ўпершыню наведвае Дзятлаўшчыну і заўсёды збірае цэлыя залы гледачоў.

Сакрэт папулярнасці Аляксандра Саладухі просты: выканаўца любіць сваіх слухачоў і з радасцю дзеліцца сваёй энергетыкай з жыхарамі як вялікіх гарадоў, так і невялікіх населеных пунктаў. Напярэдадні сольнага канцэрта артыст даў інтэрв’ю газеце “Перамога”.

– Аляксандр, раскажыце, чаго чакаць дзятлаўчанам ад вашай новай канцэртнай праграмы “Молодые пацаны”?

– Гэта прэзентацыя майго ўжо 13 па ліку аднайменнага сольнага альбома, які пісаўся 2 гады. У яго ўвайшлі 13 кампазіцый. Большая частка з іх будзе прадстаўлена ў першым аддзяленні нашага канцэрта. У другім аддзяленні прагучаць залатыя хіты з папярэдніх альбомаў. Разыначкай праграмы будзе прэзентацыя новых песень, якія ўвойдуць у 14-ю пласцінку. Работа над новым альбомам ідзе поўным ходам, запісана ўжо пяць новых трэкаў. Кампазіцыі “Мы живы”, “Листки календаря”, “Беларусь моя любимая” і самая “свежая”  “А много ли надо?” прагучаць для дзятлаўчан у час канцэрта.

Ва ўсіх гарадах разам з вамі ў канцэрце ўдзельнічае гурт Элемент. У Дзятлаве ваш сямейны тандэм будзе таксама ў поўным саставе?

– Так, мае сыны-блізняты Аляксандр і Антон, якія складаюць групу “Элемент”, будуць выходзіць на сцэну ў перапынку паміж выступленнямі. Сыны ў маім сямейным бізнесе ўжо 15 гадоў. У сольных канцэртных праграмах яны выступаюць як артысты, таксама вядуць мае сацсеткі і прымаюць замовы на карпаратывы, а яшчэ выконваюць функцыі кіроўцы, ахоўніка і гукарэжысёра. Вельмі добра мець такіх таленавітых дзяцей!

Песні альбома “Молодые пацаны” ўжо пачулі жыхары больш за 80 гарадоў. У планах праехаць па ўсёй Беларусі?

– З новай праграмай мы пачалі выступаць з 3 лютага мінулага года, да 1 ліпеня колькасць канцэртаў дасягне лічбы 85. Абавязкова наведаю з канцэртамі ўсе 120 гарадоў Беларусі. За 35 гадоў маёй кар’еры артыста я быў у кожным з гарадоў нашай краіны не адзін раз: з касавымі канцэртамі ў кожным з іх я бываў 5-7 разоў, у некаторых – 10-12.

Раскрыйце сакрэт: дзе чэрпаеце сілы і натхненне?

– На самой справе ўсё проста: сілы дае беларуская зямля, наш цудоўны народ, сонца, якое так ярка свеціць, мірнае неба над галавой. Гэта так важна, асабліва цяпер. Мяне натхняе загарадны дом, які мы пабудавалі з жонкай Наташай за сумленна заробленыя грошы ў сваёй краіне, жонка-прыгажуня, дзеці, унукі, сустрэчы з прыхільнікамі і, вядома ж, канцэрты. Мяне з радасцю сустракаюць у кожным горадзе. І гэта ўзаемна!

– Раскажыце, чаму вы, зорка беларускай эстрады, асабіста тэлефануеце, арганізоўваеце свае канцэрты, займаецеся рэкламнай кампаніяй?

– Так, сапраўды, я сам прыдумаў гэту схему ў 2010 годзе, калі вырашыў “сабраць” усе арэны, стадыёны і лядовыя палацы. Трэба было збіраць трыбуны па 2-3 тысячы гледачоў. Я проста сказаў сабе: “Саша, хто табе ў гэтым дапаможа? Ні мэр, ні губернатар, ні прэзідэнт табе стадыён не збярэ. Уключай галаву, Саша Саладуха!”. Я пачаў браць спісы кіраўнікоў прадпрыемстваў, рай-, гар-, аблвыканкамаў і абзвоньваў іх, прапануючы калектывам прыйсці да мяне на канцэрт. Вядома, гэта вельмі няпроста, але вось ужо 13 гадоў гэта схема мае каласальны поспех.

Аляксандр, ці будзе ў людзей, якія прыйдуць на канцэрт, магчымасць пагутарыць з вамі, узяць аўтограф?

– Безумоўна. Заўсёды пасля заканчэння канцэрта хвілін праз 10-15, аб чым я загадзя абвяшчаю са сцэны, выходжу да гледачоў у фае. Я заўсёды адкрыты да стасункаў з прыхільнікамі, раздаю аўтографы, з задавальненнем фатаграфуюся з кожным жадаючым. Гэта ўжо шматгадовая традыцыя. Акрамя таго, тут жа будзе прадавацца наша прома-прадукцыя, дыскі з маімі альбомамі.

Што пажадаеце дзятлаўчанам?

– Шчасця, здароўя, удачы, любові, дабра, паболей пазітыву, упэўненасці ў сабе, нязломнасці, вытрымкі, стойкасці, смеласці. Усміхайцеся і ніколі не здавайцеся, толькі наперад і толькі ўверх! Прыходзьце на мой канцэрт – атрымаеце мора пазітыву і не пашкадуеце аб гэтым. Заўсёды ваш, Саша Саладуха!

Наталля АВЯРЧУК
Фота з архіва Аляксандра САЛАДУХІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga