Як вышываць “ражкі” і кранаць песняй за душу? Народныя традыцыі ад Соф’і Ляўкевіч (+відэа)

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Звычайная вясковая хата, адна як і многія ў Студзераўшчыне, а адчыняеш дзверы – і нібыта трапляеш на некалькі дзесяцігоддзяў назад, у дарагое сэрцу мінулае, дзе вабіць вока традыцыйны беларускі інтэр’ер, аздоблены працавітымі рукамі майстрыхі і гаспадыні Соф’і Ляўкевіч.

Менавіта да яе ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” даследчую фальклорную экспедыцыю зладзілі спецыялісты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Бакшук і Марына Варган, каб захаваць для нашчадкаў тое роднае-народнае, чым шчыра гатова дзяліцца Соф’я Канстанцінаўна.

У нашай зямлячкі залатыя рукі, што яна неаднаразова даказвала на працягу свайго жыцця, і добрае сэрца, цеплыню якога дорыць блізкім людзям і ўкладвае ў мілагучныя песні і яркія вышыванкі.

Нарадзілася Соф’я тут жа, у Студзераўшчыне, у сям’і Канстанціна і Еўдакіі Лагуноў у далёкім 1936 годзе, хаця ў яе пашпарце дата абазначана годам пазней. Бацька быў кавалём, а гэта па вясковых мерках з’яўлялася даволі запатрабаваным і “хлебным” рамяством. Дзякуючы стараннай працы і кавальскаму майстэрству гаспадара, сям’я мела большы, чым у многіх, надзел зямлі, абрабляць які за выкаваныя і змайстраваныя для іх карысныя бытавыя рэчы дапамагалі аднавяскоўцы – вось такі быў “бартар”. Праўда, і самі Лагуны без работы не сядзелі, інакш немагчыма было выжыць у той складаны, апалены Вялікай Айчыннай вайной час. Дзіцячая памяць на ўсё жыццё захавала ўспаміны аб цяжкасцях ваеннага ліхалецця, аб тым, як увесну даводзілася збіраць на леташнім бульбяным полі “выхватку” – перамерзлую бульбу, з якой галодныя вяскоўцы пяклі бліны для сваіх сем’яў.

Соф’я атрымала ўсяго чатыры класы адукацыі, памятае, што, пакуль не было школы, настаўнік хадзіў па хатах. З 15 гадоў дзяўчына нароўні з дарослымі працавала даяркай у калгасе, даводзілася ўручную даіць па 12 кароў. Соф’я вельмі старалася, і калі ўсе яе каровы не толькі далі добрыя надоі, але і нарадзілі здаровых моцных цялят, маладую работніцу ў якасці ўзнагароджання накіравалі ў Маскву на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі.

Працавітую прыгажуню не маглі не заўважаць мясцовыя юнакі, аднаму з іх, механізатару Сямёну Ляўкевічу, яна аддала сваё сэрца. Разам прайшлі праз жыццёвыя выпрабаванні, годнымі людзьмі выгадавалі чацвярых дзяцей: дачка Людміла – прыватная прадпрымальніца ў Гродне, сын Мікалай жыве ў Маскве, працуе вадзіцелем міжнародных перавозак, Леанід звязаў жыццё з дарожнай службай Слоніма, Антон застаўся на Дзятлаўшчыне спецыялістам у сельскай гаспадарцы. Хоць побач ужо няма другой палавінкі, бабулю Соф’ю радуюць 7 унукаў і 3 праўнукаў, а на зіму жыць да сябе забірае дачка.

Соф’я Канстанцінаўна і цяпер прадаўжае займацца рукадзеллем, талент да якога, як лічыць, перадаўся ёй ад матулі Еўдакіі Андрэеўны, таксама майстрыхі на ўсе рукі. За складаныя работы наша зямлячка ўжо не бярэцца, а вось “ражкі” (сурвэткі з вышыўкай на адным канцы) з дапамогай іголкі і яркіх нітак яна з задавальненнем упрыгожвае кветкамі. Контуры для будучых узораў наносіць сама ўручную, а затым акуратна запаўняе іх сцяжкамі гладзі – менавіта такая тэхніка Соф’і Ляўкевіч даспадобы, бо дапамагае ствараць сапраўдныя самабытныя народныя шэдэўры. Яркія сакавітыя букеты, дзякуючы даўняму захапленню майстрыхі, “цвітуць” на яе рукатворных абрусах, ручніках, сурвэтках, дарожках, але найбольшае захапленне выклікае сцэнічны касцюм, “расквечаны” рукадзельніцай. Яго Соф’я Канстанцінаўна вышыла для сваіх выступленняў у саставе колішняга народнага фальклорнага калектыву вёскі Студзераўшчына. Гэта творчае аб’яднанне з’явілася ў 1975 годзе, у 1997 атрымала званне “народнага”. Студзераўшчынскі калектыў заўсёды адрозніваўся непаўторнай манерай выканання, артыстызмам і каларытам. Песні выконвалі з падгалоскамі, рэпертуар быў багаты: ад каляндарна-абрадавых да прыпевак, гумарэсак, сямейна-бытавых. Большасць песенных твораў засталіся з успамінаў мясцовай спявачкі Вольгі Ляўкевіч, адметным выканаўчым талентам таксама валодалі Вера Прытулік, Соф’я Лагун, Алена Сціслевіч, Любоў Галавенкава, Алена Ляўкевіч, Дар’я Камар, Яўгенія Ляўкевіч і іншыя студзераўшчынскія жанчыны. Яны ведалі і захоўвалі старадаўнія абрады, адзін з іх – выпечка вясельнага каравая”, з якім пабывалі на тэлеперадачы “Запрашаем на вячоркі”, а ў 2016 годзе іх паклікалі на яшчэ адзін тэлепраект “Наперад у мінулае”. Што ўжо казаць пра раённыя і абласныя фальклорныя фестывалі, дзе спявачак добра ведалі і цёпла сустракалі.

Памяць Соф’і Ляўкевіч цэпка захоўвае тэксты і мелодыі самых любімых студзераўшчынскіх песень. Слухаць успаміны Соф’і Канстанцінаўны пра мінулае, вытокі народных традыцый, беларускія рамёствы і ранейшае жыццё вяскоўцаў можна бясконца, як і любавацца прыгожымі вышыванкамі, што аздабляюць інтэр’ер яе хаты. Як хочацца захаваць, пакінуць для наступных пакаленняў гэты ні з чым не параўнальны матулін дар – мілагучную калыханку, водар свежаспечанага хлеба, звон жалезнай касы на лузе, абразы з вышыванымі ручнікамі ў чырвоным куце. Няхай помніцца, не забываецца наша роднае-народнае, сагравае душы беларусаў, натхняе на стваральную працу і любоў да бацькоўскай старонкі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: