Як аформіць даверанасць?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Здзелкі і іншыя юрыдычныя дзеянні грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць ажыццяўляць як асабіста, так і з дапамогай іншай асобы – прадстаўніка, таму з неабходнасцю складання даверанасці калі-небудзь сутыкаецца амаль кожны, прычым наконт яе афармлення часта ўзнікаюць пэўныя пытанні.

Даверанасць – гэта афіцыйны, як правіла, завераны натарыяльна дакумент. Паводле Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь даверанасцю прызнаецца пісьмовае ўпаўнаважанне, якое выдаецца адной асобай другой для прадстаўніцтва перад трэцімі асобамі.

Асоба, якой выдаецца даверанасць, не можа ажыццяўляць здзелкі і іншыя дзеянні ад імя таго, хто выдаў даверанасць, у адносінах да сябе асабіста, а таксама ў адносінах да іншай асобы, прадстаўніком якой адначасова з’яўляецца.

Адно з асноўных патрабаванняў – гэта форма даверанасці: яна можа быць выканана толькі пісьмова. У некаторых выпадках заканадаўства патрабуе, каб даверанасць была натарыяльна засведчана, і адсутнасць натарыяльнай формы робіць яе несапраўднай. У прыватнасці, гэта тычыцца даверанасцяў у адносінах да аўтатранспартных сродкаў, даверанасцяў для прадстаўніцтва ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці і здзелак з ёю, даверанасцяў на ажыццяўленне здзелак, якія патрабуюць натарыяльнай формы паводле заканадаўства або афармляюцца ў натарыяльнай форме па пагадненні бакоў.

Не патрабуе натарыяльнага засведчання даверанасць на атрыманне заработнай платы і іншых плацяжоў, звязаных з працоўнымі адносінамі, на атрыманне ўзнагароджання аўтараў і вынаходнікаў, пенсій, дапамогаў і стыпендый, выплат грамадзянам у банках ці нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях і на атрыманне карэспандэнцыі, у тым ліку грашовай і пасылачнай, на ажыццяўленне іншых дзеянняў, якія не патрабуюць натарыяльнай формы засведчання. Такая даверанасць можа быць засведчана арганізацыяй, у якой давернік працуе ці вучыцца, арганізацыяй, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду па месцы яго жыхарства. Даверанасці на атрыманне грамадзянамі грашовых сродкаў, якія захоўваюцца ў банках, таксама могуць быць засведчаны банкам, у якім адкрыты бягучы (разліковы) рахунак або размешчаны ўклад.

Заканадаўствам устаноўлены тэрмін дзеяння даверанасці – не больш за 3 гады. Калі тэрмін дзеяння не пазначаны, даверанасць захоўвае сваю сілу на працягу аднаго года з дня здзяйснення. Засведчаная натарыусам даверанасць, прызначаная для ажыццяўлення дзеянняў за мяжой, калі не ўтрымлівае пазнакі аб тэрміне дзеяння, захоўвае сваю сілу да адмены асобай, якая яе выдала. Выключэнне складае даверанасць на атрыманне пенсіі: яна не можа быць выдадзена больш чым на адзін год.

Па больш падрабязную інфармацыю аб даверанасцях, памеры натарыяльнага тарыфу на іх засведчанне і складанне, ільготах можна атрымаць у натарыяльнай канторы.

Любоў АЎСІЕВІЧ,
натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga