Вольга Бойка: “Бібліятэка працуе да таго часу, пакуль ёсць хоць адзін чытач”

Важнае Культура і адпачынак

15 чэрвеня 75 гадоў з дня заснавання адзначыла Дзятлаўская раённая бібліятэка.

У гонар юбілейнай даты ў мясцовай “захавальніцы” кніг прайшло святочнае мерапрыемства, якое сабрала шмат гасцей.

– У любой бібліятэкі, як і ў чалавека, свае лёс, гістарычны шлях і біяграфія. Наша культурная ўстанова працуе ўжо 75 гадоў. За гэты час бібліятэка прайшла розныя этапы развіцця, прыадчыніла “літаратурныя” дзверы перад шырокай аўдыторыяй чытачоў, згуртавала не адзін працоўны калектыў і стала другім домам як для маладых спецыялістаў, так і для іх старэйшых калегаў. Яна з’яўляецца скарбніцай мудрасці і вопыту, а таксама неад’емнай крыніцай ведаў. Сюды прыходзяць людзі розных узростаў і прафесій, каб пашырыць свой кругагляд, далучыцца да прыгожага свету кніг, навучыцца чамусьці новаму і ўзбагаціцца духоўна. Спадзяюся, што мы яшчэ на працягу многіх гадоў будзем гасцінна сустракаць шмат зацікаўленых гасцей, бо, як вядома, бібліятэка працуе да таго часу, пакуль яе наведвае хоць адзін чытач, –адзначыла на сустрэчы дырэктар установы Вольга Бойка.

У святочны дзень Вольга Васільеўна ўручыла сваім супрацоўнікам памятныя “медалі”. На мерапрыемстве добрымі словамі ўспомнілі былых дырэктараў раённай бібліятэкі Галіну Каско і Святлану Касцюк, таксама ветэранаў працы Ганну Юркевіч, Адэлаіду Лябецкую, Тамару Ламака, Таццяну Барысавец, Ларысу Шыцько, Алену Вайтушка, Людмілу Бурэц, Ніну Маліка, Ядвігу Хохлач, Алену Шавель, Ірыну Цярэшка і Таццяну Паўлоўскую. Госці паглядзелі тэатралізаваныя сцэнкі, гумарыстычны ролік аб працоўных буднях бібліятэкараў, відэапрэзентацыю з фотаздымкамі ўстановы і калектыву ў розныя гады існавання. З музычнымі віншаваннямі для прысутных выступілі вядомыя артысты Дзятлаўшчыны Ірына Бакшук, Ганна Харлінская, Сяргей Малышчык і Ала Чарняўская. Сустрэча была напоўнена цёплымі словамі і шчырымі пажаданнямі, святочную атмасферу мерапрыемству надавалі танцы, тэматычная фотазона, дзе кожны жадаючы мог сфатаграфавацца на памяць. Таксама госці парадавалі працоўны калектыў прыемнымі падарункамі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga