Усё мінаецца, а памяць застаецца

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Бывае, чалавека ўжо даўно няма з намі, а ўнукі і праўнукі цікавяцца яго жыццём, пішуць, просяць падзяліцца інфармацыяй, якая ёсць у музейных фондах.

Так і гэтым разам, напісала мне ў ВКонтакте праўнучка Івана Фёдаравіча Лабара Вераніка Маковік і папрасіла падзяліцца звесткамі пра прадзеда. Прозвішча Лабар знаёмае, ведучы абзорную экскурсію па экспазіцыі, успамінаем пра яго ў шостай зале, дзе прадстаўлена пасляваеннае жыццё, пачатак станаўлення калгасаў на Дзятлаўшчыне, але падрабязнасцей не расказваем. Таму і сама не паглыблялася надта ў яго біяграфію. І вось прыйшоў час сабраць і аформіць усё, што маем.

Адразу ўспомнілася, што на пачатку свайго працоўнага шляху з калгасам “Расія”, Раклевічамі быў цесна звязаны Вацлаў Залеўскі. Патэлефанавала, і ён адразу пачаў расказваць пра Івана Фёдаравіча, паабяцаў успомніць нешта цікавае, пашукаць фотаздымкі. Ёсць у архівах былога старшыні калгаса “Парэчча” і відэафільмы, прысвечаныя калгасным будням раёна, у іх таксама можна пазнаць Івана Лабара.

– Чалавекам Іван Фёдаравіч быў актыўным, дзейным, – дзеліцца ўспамінамі Вацлаў Залеўскі. – Калі я прыехаў працаваць аграномам у “Расію”, не раз сустракаўся з ім у полі, у канторы калгаса, на партыйных сходах. Прычым заўсёды ён выступаў, і не проста дзеля выступлення, а слушна, падымаў важныя праблемы, падказваў шляхі выйсця з іх. Працаваў і на пенсіі, хаця здароўя не меў, не мог не працаваць, не быць патрэбным. Іван Фёдаравіч апошнія гады вельмі дрэнна бачыў, даліся ў знакі ваеннае гады, фронт, раненне. Пасмейваліся маладыя з яго, што, замест наручнага гадзінніка, насіў з сабой на поле будзільнік, каб сачыць за часам. Але ён не звяртаў увагі, ведаў, што галоўнае – справа.

Жыццё не лашчыла Івана Лабара. Двухгадовым хлопчыкам выехаў ён з бацькамі перад пачаткам Першай сусветнай вайны ў сяло Паўлава-Антонаўка Самарскай губерні. Жылі ў брудных, халодных бараках, працавалі на памешчыка без выхадных, гэта і падарвала здароўе бацькоў. Яны цяжка захварэлі і памерлі ўдалечыні ад радзімы. Трое сірот – два браты і сястра – вярнуліся ў родную вёску Харашкі. Дзеці знайшлі прытулак у роднага брата бацькі – Мацея Лабара. Але ў таго была свая немалая сям’я. Нястачы і голад прымусілі маленькага Ваню і сястрычку Зіну ісці ў заработкі. Дзяўчына ўладкавалася служанкай у маёнтак пана Светліка, а Ваня падаўся ў вёску Кабыльнікі (зараз вёска Клёны Навагрудскага раёна), дзе жыла яго бабуля. Там пасвіў у аднаго кулака каровы. Плата была мізэрнай, усяго два пуды жыта за год, затое хлопца кармілі. Жыў у невялікім катушку, спаў на саломе. Было холадна, таму ўвесь час прачынаўся, скручваўся клубком, каб сагрэцца. Пазней перайшоў да другога кулака ў вёску Данейкі. Але і там умовы былі не лепшыя. Хлопец падрос і ўжо не толькі пасвіў каровы, але і араў, сеяў, малаціў. Асабліва адымала сілы малацьба. Парабкаў падымалі ў чатыры гадзіны раніцы. Малаціць пачыналі і заканчвалі пры ліхтары. Малацілі цэлы дзень з невялікім перапынкам на абед. Іван не мог змірыцца з такім цяжкім становішчам і ўвесь час шукаў выйсця. Уступіў у камсамол – падпольную арганізацыю моладзі Заходняй Беларусі. Тады ж пайшоў на тры гады вучыццаў сваю вёску Харашкі да мясцовага майстра-каваля па прозвішчы Кардаш. У кузні часта збіраліся сяляне, расказвалі пра свой цяжкі лёс, наракалі на бядоту, беззямелле. Гэта яшчэ больш распаляла хлопца, абуджала імкненне да волі.

У 1931 годзе Іван Лабар успупіў у рады КПЗБ. Ён разносіў і расклейваў лістоўкі, вывешваў чырвоныя сцягі, праводзіў сходы з моладдзю. Барацьба паступова набывала больш шырокі размах. Аднак па даносе правакатара Лабар быў арыштаваны і пасаджаны на 4 гады ў слонімскую турму. З турмы ён выйшаў пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад улады буржуазнай Польшчы.

Перад вайной працаваў кавалём, ажаніўся. У 1940 годзе адным з першых уступіў у калгас “Камунар” у роднай вёсцы Харашкі, крыху пазней стаў яго старшынёй. Але вайна раптоўна перакрэсліла шчаслівыя планы людзей.

Прызыў. Ленінградскі фронт. Мароз. Сухі, сыпучы снег. Часць, у якой служыў Іван Фёдаравіч, трапіла ў акружэнне. Навісла пагроза палону, але намаганнямі іншых падраздзяленняў удалося вырвацца з акружэння. У час прарыву быў моцна паранены. Потым шпіталь, доўгія месяцы лячэння, перавод на Далёкі Усход. Дэмабілізаваўся Іван Фёдаравіч у 1946 годзе, працаваў у родным раёне: агентам дзяржнарыхтовак пры Засецкім сельсавеце, старшынёй першага ў раёне калгаса “Перамога” ў Раклевічах, намеснікам старшыні ўзбуйненага калгаса, загадчыкам фермы, брыгадзірам, вартаўніком. Да самага канца жыцця знаходзіўся ў страі, стараўся быць карысным людзям. Івану Фёдаравічу Лабару было прысвоена званне “персанальны пенсіянер”. Радзіма высока ацаніла яго працу, узнагародзіўшы шасцю медалямі.

Людзі помняць яго як актывіста грамадскага жыцця вёскі Раклевічы, які быў частым выступоўцам на партыйных і калгасных сходах, у школах.

Невысокі чалавек у акулярах з чорнай рагавой аправай – такім застаўся ён у памяці тых, хто быў з ім асабіста знаёмы, такі ён на фотаздымку, што перадала калісьці ў музей яго дачка. “Ён быў сапраўдным камуністам, прыкладам для маладых, чалавекам, загартаваным ліхалеццямі гісторыі”, – заўважае напрыканцы гутаркі Вацлаў Браніслававіч Залеўскі.– Такія людзі самі тварылі гісторыю”.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga