Уладзімір Каранік: “Прыём прайшоў недарэмна, калі ўдалося дапамагчы хоць аднаму чалавеку” (+відэа)

Галоўнае Улада

16 чэрвеня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

У гэты дзень у будынку Дзятлаўскага райвыканкама Уладзімір Сцяпанавіч правёў двухгадзінны прыём грамадзян па месцы жыхарства, на якім прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі і кіраўнікі адказных службаў раёна.

Пенсіянерку з райцэнтра хвалявала якасць медыцынскага абслугоўвання. Адначасова жанчына расказала, што сацыяльная служба раёна аказвае ёй усебаковую падтрымку, не абыходзіць увагай і раённая ўлада. Сваю заяву з копіямі медыцынскіх заключэнняў дзятлаўчанка падала ў пісьмовай форме. Ёй патлумачылі, што зварот будзе разгледжаны згодна з заканадаўствам, калі яго вывучэнне пакажа, што заяўніцы патрэбна кансультацыя ці дапамога спецыялістаў, яна будзе аказана.

Адразу трое дзятлаўчан прадстаўлялі на прыёме інтарэсы жыхароў аднаго з мікрараёнаў райцэнтра з пытаннем па пракладцы сістэмы водазабеспячэння і адвядзення. З гэтай нагоды дзятлаўчане арганізавалі кааператыў, вырабляюць праектна-каштарысную дакументацыю і спадзяюцца на частковую фінансавую падтрымку вобласці.

Уладзімір Каранік зазначыў, што гаварыць прадметна на гэту тэму трэба, калі будуць гатовы дакументы, стануць вядомымі тэрмін будаўніцтва і кошт аб’екта, тады можна разгледзець пытанне наконт субсідзіравання. Разам з тым, кіраўнік вобласці запэўніў, што ні адзін кааператыў, які аформіў дакументацыю і гатовы сваімі грашыма ўдзельнічаць у пракладцы сетак водаадвядзення і забеспячэння, яшчэ ні разу без падтрымкі вобласці не застаўся.

Яшчэ некалькі сваіх заўвагаў і прапановаў дзятлаўчане падалі ў пісьмовай форме, на іх у вызначаны заканадаўствам тэрмін будзе па пошце высланы адказ Гродзенскага аблвыканкама.

Скарыстаўшыся магчымасцю, заяўнікі шчыра павіншавалі Уладзіміра Сцяпанавіча з Днём медыка і папрасілі яго перадаць такія ж цёплыя віншаванні міністру аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрыю Піневічу ад сям’і Пузачаў, якой была аказана дапамога ў лячэнні сына.

Закранулі і тэму добраўпарадкавання былога комплексу азёраў і палаца Радзівілаў у Дзятлаве.

Уладзімір Каранік адзначыў, што палац выстаўлены на таргі – гэта адзіная магчымасць увесці гістарычны аб’ект у гаспадарчы абарот пад кантролем дзяржавы. У яго павінен з’явіцца гаспадар, які абновіць, будзе эксплуатаваць і падтрымліваць у нармальным стане за кошт прыбытку. Яшчэ кіраўнік вобласці зазначыў, што вельмі важна, каб актыўная грамадзянская пазіцыя людзей “вылівалася” ў іх канкрэтныя справы на карысць свайго краю, каб грамадзяне даглядалі тыя мясціны, дзе яны жывуць, і трацілі свае намаганні не толькі на агучванне праблем, але і пасадку дрэў, падкошванне травы, таму што агульныя камфорт і бяспека – гэта не толькі абавязак дзяржавы, але і саміх людзей.

Наступная заява ад пенсіянеркі з райцэнтра і яе сына тычылася патрабаванняў зямельнага заканадаўства і была аформлена пісьмова. Жанчына ўпэўнена, што з боку яе суседа ёсць парушэнні пры пастаноўцы агароджы, пабудове сцяны і высадцы туяў на мяжы ўчасткаў. Пытанне ўжо было разгледжана камісійна на ўзроўні раёна, вынесена заключэнне, з якім заяўніца не згодна.

Уладзімір Каранік паабяцаў пенсіянерцы, што на яе адрас выедзе абласная служба спецыялістаў землеўпарадкавання і архітэктуры, аднак, калі і іх заключэнне не задаволіць заяўніцу, аспрэчыць яго можна будзе ў судзе.

Наступны заяўнік раней працаваў у адной з будаўнічых арганізацый, яму была выдзелена жылплошча ў інтэрнаце, аформлена рэгістрацыя. Калі ў інтэрнаце быў капітальны рамонт, мужчына неафіцыйна арандаваў кватэру ў Дзятлаве, пазней ён увогуле звольніўся ад ранейшага наймальніка, у выніку страціў былыя правы на пражыванне і рэгістрацыю, але шмат гадоў лічыў, што нехта вырашыць яго жыллёвыя пытанні замест яго самога.

Раённыя службы ўжо аказалі дзятлаўчаніну садзейнічанне і патлумачылі алгарытм далейшых дзеянняў, аднак мужчына “перастрахаваўся” і таксама запісаўся на прыём.

Напрыканцы Уладзімір Каранік падвёў вынікі сустрэчы ў Дзятлаве:

– Асабістыя прыёмы грамадзян – гэта магчымасць арганізаваць больш аператыўную сувязь паміж людзьмі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання. Праўда, у шэрагу выпадкаў грамадзяне мяркуюць, што іх зварот да вышэйстаячага кіраўніка дазволіць абысці ўстаноўленую законам працэдуру. Такім даводзіцца тлумачыць, што трэба навучыцца жыць па законе і што органы ўлады заўсёды будуць стаяць на абароне правоў грамадзян, калі рашэнне іх праблем адпавядае заканадаўству.

У шэрагу выпадкаў, сапраўды, патрабуецца адміністрацыйнае рашэнне. Гэта абсалютна не супярэчыць закону, а скарачае час прыняцця рашэнняў і дазваляе аказаць людзям больш аператыўную дапамогу.

На любым прыёме сустракаецца як катэгорыя заяўнікаў першай групы, так і тыя, каму ўмяшальніцтва на ўзроўні вобласці сапраўды дазваляе хутчэй вырашыць праблемы. Заўсёды лічу, што калі ёсць хоць адзін зварот, дзе адміністрацыйнае ўмяшальніцтва дазволіла чалавеку больш аператыўна рэалізаваць свае законныя правы, то асабісты прыём прайшоў не дарэмна, і Дзятлава ў гэтым сэнсе не выключэнне.

Са станоўчых эмоцый: прыемна было, што многія заяўнікі павіншавалі мяне з Днём медыцынскага работніка, я таксама віншую ўсіх медыкаў Дзятлаўшчыны з прафесійным святам.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі і відэа прэсслужбы Гродзенскага аблвыканкама