У краіне дзяцінства лета з яркімі фарбамі (+відэа)

Важнае Грамадства

Вясёлым і актыўным, а галоўнае, яркім і запамінальным выдалася дзіцячае свята ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава, якое сабрала выхаванцаў прытулка, іх педагогаў, замяшчальныя сем’і раёна і пастаянных сяброў цэнтра – валанцёраў.

Да пачатку ўрачыстасці дзеці разам з інспектарам Дзятлаўскага РАНС Мікітам Кандратовічам і яго калегамі па службе ўзгадалі правілы бяспечных паводзінаў у час канікулаў, азнаёміліся з работай ратаўнікоў, нават пасядзелі за рулём пажарнай машыны, а затым палюбаваліся на “воднае шоу”, якое прадэманстравалі агняборцы, паказаўшы, як яны працуюць на пажарах.

Дарослых больш вабіла выстава “Акварэльнае фэнтэзі “Дзяцінства. Сяброўства. Лета”, у экспазіцыю якой увайшлі не толькі работы юных мастакоў, але і выстава-прэзентацыя “Кніга жыцця” з фотагісторыямі дзяцей з прыёмных сем’яў. Паблізу для ўсіх жадаючых працавала зона для аквагрыму – многія дзяўчынкі і хлопчыкі гэтым скарысталіся.

Адкрываючы свята, намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына Ляўкевіч павіншавала ўсіх прысутных з Міжнародным днём абароны дзяцей, пажадала, каб сем’і раёна былі здаровымі, моцнымі, шчаслівымі, каб іх напаўняў дзіцячы смех, збываліся мары, бо галоўнае ў жыцці кожнага чалавека – гэта дзеці, для якіх мы жывём і працуем.

 

Падтрымаць юных удзельнікаў свята з падарункамі прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў, чыя паўсядзённая дзейнасць непасрэдна звязана з абаронай правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

Нотку добрага настрою сустрэчы задалі валанцёры гімназіі № 1 горада Дзятлава і іх музычны кіраўнік Святлана Андруніна, якія падрыхтавалі песенныя і танцавальныя нумары.

Расквеціць лета яркімі фарбамі, каб з першага дня канікулаў яно праходзіла цікава і з карысцю, прапанаваў дзятве мастак-вандроўнік Акварэлькін, праўда, як чалавек творчы, ён згубіў свой чамаданчык з фарбамі. Дзеці з гатоўнасцю прыйшлі на дапамогу свайму новаму сябру, адгадваючы загадкі, выконваючы спартыўныя і творчыя заданні, яны сабралі ў каляровых гарадах усю палітру фарбаў, а затым нанеслі іх на імправізаваны Зямны шар. Цяпер можна не сумнявацца, што ў такіх кемлівых гарэзаў канікулы пройдуць ярка.

За гэта актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў свята, а таксама бясплатныя білеты ў цырк, аб якіх паклапацілася дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская. На гэтым прыемныя сюрпрызы не скончыліся: памятныя падарункі кожнаму дзіцяці ад Беларускага дзіцячага фонду ўручыла старшыня раённага аддзялення Алена Чайкоўская, ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа – Галіна Касцюк, якая зазначыла, што такую спонсарскую дапамогу да свята аказаў магазін райцэнтра “Святлана”. Дыпломы за нялёгкую працу і падрыхтоўку выставы-прэзентацыі “Кніга жыцця” Кацярына Ляўкевіч уручыла замяшчальным бацькам Вользе Гушча, Людміле Асіпук-Фатон, дзіцячаму дому сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў.

Спартыўны інвентар сацыяльна-педагагічнаму цэнтру ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” перадала намеснік старшыні аб’яднання Вольга Рагачова, ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” – яе старшыня Алена Васкель, карысныя падарункі цэнтру падрыхтавалі таксама раённы камітэт ГА “БРСМ” і яго першы сакратар Кацярына Хілімончык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар.

Пачаставацца прысмакамі ў гонар свята ад пярвічных прафсаюзных арганізацый Дзятлаўскага райвыканкама, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне і ДРБУ № 119 дзяцей запрасіла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga