У цэнтры ўвагі – прававая культура моладзі і дарослых

Важнае Грамадства

16 чэрвеня сустрэчу з актывам Дзятлаўскага раёна правяла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Гродзенскага аблвыканкама Кацярына Федасенка.

Кацярына Аляксандраўна ўзняла два актуальныя пытанні. Першае з іх тычылася выхавання прававой культуры ў моладзі, у тым ліку ўдзелу іх у электаральных кампаніях.

Як зазначыла спецыяліст, ужо з ранняга, нават дашкольнага, узросту неабходна прывіваць дзецям жаданне самім будаваць краіну, дзе яны жывуць, у тым ліку праз удзел у выбарчых працэсах. Варта, каб маладыя людзі разумелі і ўсведамлялі, што голас кожнага з нас напрамую ўплывае на той ці іншы крок у развіцці нашай дзяржавы. Нядаўна былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, цяпер рыхтуюцца змяненні ў іншыя нарматыўныя дакументы для іх адпаведнасці абноўленаму Галоўнаму закону. Бацькі і настаўнікі павінны расказваць пра гэта падрастаючаму пакаленню, арыентаваць моладзь на актыўную, нераўнадушную жыццёвую пазіцыю.

Другая тэма тычылася работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў і закранала нядаўняе выступленне на гэты конт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Кацярына Федасенка прывяла словы кіраўніка дзяржавы, якія павінен узяць на ўзбраенне кожны спецыяліст любога ўзроўню: “Якой бы правільнай ці няправільнай ні была пазіцыя чалавека, мы павінны яго выслухаць, а ўжо пасля прымаць адпаведныя меры”. Гэта зусім не значыць, што трэба рэагаваць на кожную крытычную заўвагу. Вырашэнне значнай колькасці праблем згодна з заканадаўствам – якраз абавязак саміх грамадзян, і гэта ім трэба тлумачыць, а ўжо там, дзе павінна “падставіць плячо дзяржава,” – дапамагаць. Прычым, не седзячы ў кабінеце, а выходзячы да людзей, размаўляючы з імі, на свае вочы ўбачыўшы сітуацыю. Пры такіх сумленных адносінах не будзе збояў і прамаруджвання ў рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў.

Закранула Кацярына Федасенка і іншыя важныя ў рабоце спецыялістаў нюансы, якія тычыліся тэрмінаў разгляду заяваў, абскарджання рашэнняў па іх, паўнаты зместу, ацэнкі дзеянняў і бяздзейнасці адказных асобаў, іншых момантаў.

Напрыканцы яна падзякавала актыву Дзятлаўшчыны за работу, пажадала здароўя і поспехаў у жыцці і вырашэнні працоўных пытанняў.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga