“Свята – дзецям!” ад Беларускага дзіцячага фонду

Грамадства Свежыя навіны

Добры настрой, як вітаміны, паскарае выздараўленне.

У рамках дабрачыннай акцыі “Свята – дзецям!”, прымеркаванай да Міжнароднага дня абароны дзяцей, старшыня раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская і валанцёры аб’яднання Марына Гуговіч і Наталля Лупач наведалі дзіцячае аддзяленне Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Але якое ж свята без артыстаў? Таму ва ўстанове здароўя да гасцей далучыліся работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Маленькім пацыентам і іх бацькам дарылі добры настрой вясёлы клоўн і роставая лялька Савуння. Госці жадалі найперш хутчэйшага выздараўлення, вясёлага лета, “гару шчасця” і больш не хварэць. Добрыя словы прагучалі і на адрас медперсаналу аддзялення.

Запамінальным момантам сустрэчы стала ўручэнне падарункаў – мыльных бурбалак, яркіх мячоў і паветраных шарыкаў.

Пажадаем юным пацыентам хутчэй паправіцца і скарыстацца ўсім гэтым у час вясёлых гульняў і прагулак на свежым паветры.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga