Сцяжынкамі пазнання з летнікам “Эрудыт”

Грамадства Свежыя навіны

Для 36 дзяўчынак і хлопчыкаў ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў адкрыў свае дзверы аздараўленчы летнік “Эрудыт” гімназіі № 1 горада Дзятлава.

Выхаваўчая работа ў ім рэалізуецца ў рамках пазнавальна-гульнявой мадэлі “18 сцяжынак пазнання”, у якой кожны дзень летняй змены напоўнены разнапланавай  інтэлектуальнай  і пазнавальнай дзейнасцю.

Маршрут руху пралягае па гульнявой дарозе. Кожны атрад экспедыцыі – гэта брыгада, у якую ўваходзяць юныя вандроўнікі. І толькі калі яны будуць актыўнымі і ўважлівымі, то змогуць прайсці ўперад. Па шляху руху дзеці здымаюць відэаролікі, з якіх у выніку будзе зманціраваны відэафільм.

Змену ў летніку адкрыла ўрачыстая лінейка “Нашы сімвалы – наш гонар”, дзе ішла размова аб элементах дзяржаўнай сімволікі нашай краіны, выконваўся Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Дзеці прынялі ўдзел у свяце дзяцінства на пляцоўцы каля Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Яркай і пазнавальнай стала для выхаванцаў сустрэча з супрацоўнікамі Дзятлаўскага РАНС у рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню”. Гутарка, дэманстрацыя магчымасцяў пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі падарылі дзецям новыя веды і незабыўныя ўражанні.

Вялікая ўвага ў летніку “Эрудыт” надаецца ўмацаванню здароўя дзяцей, таму кожны дзень тут праходзяць спартыўныя мерапрыемствы: жартоўныя эстафеты, спартыўна-інтэлектуальныя спаборніцтвы, марафоны рухомых гульняў, штодзённая зарадка, танцавальныя размінкі на свежым паветры.

З мэтай актывізацыі творчага патэнцыялу выхаванцаў арганізавана “Творчая майстэрня”, хобі-цэнтр, дзе дзеці малююць, майструюць вырабы з розных матэрыялаў.

Таксама праводзяцца пазнавальныя гутаркі, відэалекторыі, гульні на згуртаванне і праяўленне яркіх індывідуальных якасцяў выхаванцаў.

Наперадзе яшчэ шмат цікавага: экскурсіі, гульні-прыгоды, акцыі і многае іншае.

Святлана АНДРУНІНА,
дырэктар летніка “Эрудыт”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga