Пытанні новаяльнянцаў – на кантролі

Важнае Улада

15 чэрвеня выязны прыём грамадзян па месцы жыхарства ў будынку Новаяльнянскага сельвыканкама правёў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, для аператыўнага рэагавання прысутнічалі таксама кіраўнікі адказных службаў раёна.

На прыём да Андрэя Уладзіміравіча звярнуліся 4 заяўнікі.

Вярнуць сваю маёмасць (драўляныя сталы і лавы) спрабуе пенсіянерка. Яна сцвярджае, што рэчы былі страчаны пасля капітальнага рамонту іх шматкватэрнага дома ў 2020 годзе. Існуе дзве версіі, куды прапала мэбля: паколькі гаспадыня своечасова не паклапацілася забраць яе з месца агульнага карыстання, вывезці драўляныя рэчы на ўтылізацыю маглі камунальныя работнікі або іх прысвоіў адзін са знаёмых, які раней з дазволу гаспадыні выкарыстоўваў сталы і лавы для сваіх патрэбаў. Заяўніца схіляецца да апошняй здагадкі, а таму ёй дапамаглі ў час прыёму скласці заяву ў міліцыю. Андрэй Уладзіміравіч паабяцаў трымаць пытанне на кантролі.

Выказаць свае прапановы і заўвагі наконт аказання шэрагу паслугаў насельніцтву і добраўпарадкавання Наваельні прыйшоў наступны заяўнік. Тэмы, якія ён агучыў, тычыліся тарыфаў на паслугі газавай службы, спагнання камісіі пры іх аплаце ў банку і паштовым аддзяленні, перарэгістрацыі тэлефонных абанентаў, аказання платных медыцынскіх паслугаў насельніцтву, рамонту ўчасткаў вуліц, арганізацыі руху і ўладкавання стаянак у розных мікрараёнах гарадскога пасёлка, іншых нюансаў. Адказы на некаторыя свае пытанні новаяльнянец атрымаў ад спецыялістаў адразу, для высвятлення іншых запыты будуць накіраваны ў адпаведныя інстанцыі. Заяўніку паабяцалі даслаць поштай пісьмовыя адказы на іх.

З агульным пытаннем – пазбавіць іх ад суседства вялікай колькасці варон, якія перашкаджаюць адпачываць і забруджваюць аконнае шкло – звярнуліся адразу дзве мясцовыя жанчыны.

Старшыня сельвыканкама Людміла Радзевіч нагадала заяўніцам, што яны ўжо гутарылі на гэтую тэму, яна прапрацоўвала магчымасць ліквідацыі птушыных гнёздаў. Як паведамілі спецыялісты службы аховы прыроды, зрабіць гэта можна ў перыяд з 15 жніўня да лютага, у іншы сезон – забараняецца. Таму Людміла Аляксандраўна запэўніла, што аб праблеме памятае, і ў свой час яна будзе вырашана. Кіраўнік раёна таксама паабяцаў пракантраляваць гэта пытанне.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: