Педагог з “музычнай” душой

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Музыка – самае казачнае з усіх мастацтваў. Яна зачароўвае, бадзёрыць, супакойвае.

Я хачу расказаць пра чалавека, які прысвяціў ёй усё сваё жыццё. Гэта настаўніца музыкі Ганна Валянцінаўна Жадзейка. Сёлета яна адзначыла свой 70-гадовы юбілей.

Нарадзілася Ганна Валянцінаўна 12 мая 1952 года ў вёсцы Белякі. У 1967 годзе скончыла восем класаў Яварскай сярэдняй школы і паступіла ў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча на музычнае аддзяленне. Пасля заканчэння ў 1971 годзе была накіравана настаўніцай музыкі ў сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава.

З таго часу ў школе з’яўляецца хор, які стварыла і трымала ў сваіх моцных “музычных” руках Ганна Валянцінаўна, праз яго прайшлі ўсе вучні нашай школы, пачынаючы з70-х гадоў па 2005. Навучэнцы і настаўнікі  пад яе кіраўніцтвам перамагалі ў конкурсах мастацкай самадзейнасці рознага ўзроўню, у тым ліку прымалі ўдзел у рэспубліканскім музычным конкурсе    “Чырвоныя гваздзікі”. У школе былі створаны вакальна-інструментальныя ансамблі ў старшых класах. Шмат гадоў Ганна Валянцінаўна была класным кіраўніком. Яна – цудоўны педагог!

Мы, выпускнікі школы 1981 года, упэўнены, што гэта вельмі рэдкая з’ява, калі настаўнік застаеццаў памяці вучняў надоўга і назаўсёды. А ў выпадку з Ганнай Валянцінаўнай менавіта так і ёсць. Сапраўдны  прафесіянал,  дастойны прыклад упэўненасці і любові да дзяцей і сваёй творчасці, чалавек, улюбёны ў музыку, – вось такой мы  помнім свайго класнага кіраўніка. З выгляду вельмі строгая, а на самой справе мяккая і прыемная, настолькі добрая, што для многіх з нас яна была другой мамай, бо і адносілася да нас так, як да сваіх родных дзяцей. Яна ведала пра нас нават  больш, чым нашы бацькі. Мы часта размаўлялі з ёй на розныя тэмы, дзяліліся як з сябрам. Дзякуючы Ганне Валянцінаўне мы ведалі шмат песень, з любымі школьнымі конкурсамі спраўляліся лёгка, і цяпер любім спяваць, а многія звязалі сваю прафесійную дзейнасць са школай. Зараз мы ўжо ведаем: каб быць такім выдатным настаўнікам, патрэбен талент, якому нельга навучыцца ні ў інстытуце, ні на нейкіх асаблівых курсах.

Ганарымся тым, што ў нашага пакалення былі такія цудоўныя ўрокі музыкі і жыцця.

Наталля ЯКАБЧУК,
старшыня прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы  № 1 г. Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga