Паклонімся вялікім тым гадам (+відэа)

Галоўнае Грамадства

22 чэрвеня на Дзятлаўшчыне праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Мітынг “Часоў злучальная нітка” сабраў у гарадскім парку каля мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова раённае кіраўніцтва, супрацоўнікаў сілавых структур, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх і прафсаюзных аб’яднанняў, навучэнцаў, гараджан. Яны прыйшлі аддаць даніну памяці і пашаны тым, хто адстаяў для будучых пакаленняў беларусаў мір, свабоду, яснае сонечнае неба і надзею на будучыню.

– Дата 22 чэрвеня нагадвае аб загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у палоне ад голаду, – адзначыў намеснік ваеннага камісара, начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята раёна Аляксандр Бургун. – З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі разгарнуліся жорсткія баі. На абарону паўсталі моладзь і старыя, мужчыны і жанчыны, многія з якіх палеглі на палях змаганняў. Мы аддаём даніну памяці гэтым героям, якія падарылі нам мірнае жыццё і свабодную дзяржаву, ганарымся стойкасцю і мужнасцю нашага народа, ушаноўваем ветэранаў, схіляем галовы перад нявіннымі ахвярамі вайны.

Самай страшнай датай гісторыі 22 чэрвеня 1941 года назвала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і падкрэсліла, што нават праз дзесяцігоддзі наш вышэйшы чалавечы абавязак не забываць пра яе і тых, хто першым сустрэў ворага на мяжы, змагаўся на франтах і ў партызанскіх атрадах, выканаў свяшчэнны абавязак, абараняючы Айчыну.

– Савецкі народ, праявіўшы небывалую мужнасць, згуртаванасць і гераізм, знішчыў страшную навалу – фашызм. Рэха вайны яшчэ доўга гучала болем у людскіх сэрцах, каб “пераплавіцца” ў памяць пакаленняў. Памяць – гэта наша зброя ў барацьбе за бясхмарнае неба над сінявокай Беларуссю і ўсёй мірнай планетай, зброя мільёнаў працаўнікоў, усіх разумных, мірных, сумленных людзей у барацьбе супраць вайны. Нацыя, дзяржава моцныя тады, калі ўмеюць шанаваць памяць аб сваіх адданых сынах і дочках, каму абавязаны жыццём. Вечная памяць загінулым за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы! – зазначыла моладзевы лідар.

Песню-падзяку ў іх гонар з сімвалічнай назвай “Паклонімся вялікім тым гадам” выканаў Сяргей Малышчык.

У 12 гадзін удзельнікі мітынгу, уся Дзятлаўшчына і наша краіна далучыліся да рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Хвіліна маўчання”. Пад гукі метранома сцішыліся гарады і раёны, узгадваючы подзвігі і выпрабаванні, праз якія давялося прайсці беларусам і іншым народам Савецкага Саюза ў гады вайны.

Напрыканцы мітынгу дзятлаўчане ўсклалі кветкі на магілы воінаў-вызваліцеляў.

Мітынгі прайшлі ва ўсіх сельскіх саветах раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: