Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 20 па 26 чэрвеня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 81 паведамленне, 5 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 32 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 44 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 38 правапарушальнікаў, узбуджана 9 крымінальных справаў.

Гаспадар з дому – злодзей на парог

Адной чэрвеньскай ночы хапіла невядомаму злодзею, каб скрасці з падворка прыватнага дома па вуліцы Русіна ў райцэнтры 8 профільных трубаў даўжынёй па 6 метраў, гаспадару маёмасці нанесены матэрыяльны ўрон у памеры 256 рублёў.

Яшчэ адзін крадзеж адбыўся ў вёсцы Сямёнавічы, дзе пагаспадарыў “паляўнічы на метал”. Выціснуўшы ўваходныя дзверы ў дачным доме пенсіянеркі, зламыснік разжыўся на 30 метраў меднай праводкі і разукамплектаваў 3 тэлевізары. Агульны кошт сапсаванай маёмасці ацэнены ў 120 рублёў.

Ад дзеянняў нячыстага на руку наведвальніка нежылога дома ў вёсцы Палонка, які дастаўся ёй у спадчыну, таксама пацярпела пенсіянерка. Злодзей сарваў навясны замок і забраў з сабой абутак, адзенне, пасцельныя рэчы, іконы, насценны гадзіннік – усё на суму 1201 рубель.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжоў, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару.

Не ратуюць і сцены

Крымінальная справа за крадзеж узбуджана на раней не судзімага жыхара Баранавічаў. У адной з вёсак Дзятлаўскага раёна мужчына вырваў некалькі дошак са сцяны дачнага дома і вынес адтуль швейную машыну “Ніва”, якую ацанілі ў 50 рублёў. Непрыемнасцю для гаспадыні-пенсіянеркі стала не толькі страчаная рэч, але і пашкоджаная маёмасць.

У гасцях “пазалацілі ручку”

Жанчына прыйшла ў госці да аднавяскоўца і, скарыстаўшыся момантам, пакуль гаспадар не звяртаў на яе ўвагі, дастала з серванта і забрала сабе 100 долараў ЗША. Узбуджана крымінальная справа.

Раней судзімы жыхар адной з вёсак раёна зазірнуў да суседкі. Як аказалася, у гэты час пенсіянерка выйшла з хаты, пакінуўшы дзверы незамкнёнымі. Зямляк адразу ж гэтым скарыстаўся і скраў 200 рублёў. Яго таксама чакае суд.

Расце мак – трэба выпалаць

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца спецыяльная праграма “Мак”, у час якой асаблівая ўвага міліцыі скіравана на спыненне распаўсюджвання наркотыкаў расліннага паходжання. За мінулы тыдзень праваахоўнікі ўстанавілі некалькі ўчасткаў, дзе быў дзікарослы мак, – у Галаўлях, Ведравічах, каля вёскі Агароднікі і на чыгуначных шляхах паблізу гэтага населенага пункта, а таксама ўздоўж дарогі Баранавічы – Моўчадзь –Дзятлава і чыгуначных пуцей. Знішчана больш за 62 кілаграмы наркаўтрымліваючага пустазелля. Афіцыйна папярэджана гаспадыня прыватнага домаўладання ў Дзятлаўскім сельсавеце, на ўчастку якой было выпалата і знішчана 420 грамаў алейнага маку.

“Зарабілі” пратаколы

Нецвярозымі на працоўным месцы былі затрыманы аператар машыннага даення (жанчына) адной з гаспадарак раёна і двое жывёлаводаў (мужчыны) другой гаспадаркі. Стан іх ап’янення – ад 0,76 у жанчыны да 1,29 праміле ў аднаго з мужчын. На ўсіх траіх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga