Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 13 па 19 чэрвеня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 80 паведамленняў, 6 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 33 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 41 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 37 правапарушальнікаў, узбуджана 5 крымінальных справаў.

Захацеў лёгка разбагацець

На раней не судзімага жыхара Баранавіцкага раёна ўзбуджана крымінальная справа за крадзеж. Мужчына не знайшоў другога спосабу палепшыць уласны дабрабыт, як залезці праз разбітае ім акно на чужую дачу. Адтуль ён скраў газавыя балон і пліту, пральны парашок, ручную мясарубку на суму 50 рублёў.

Пападарожнічаў на чужой машыне

Ключамі, пакінутымі ў замку запальвання аўтамашыны, якая была прыпаркавана ў адным з двароў гарпасёлка Наваельня, не прамінуў скарыстацца раней судзімы жыхар Івацэвіцкага раёна. Задаволены сваёй удачай угоншчык пападарожнічаў на чужым аўтамабілі па тэрыторыях Гродзенскай і Брэсцкай абласцей і быў затрыманы праваахоўнікамі каля адной з вёсак Івацэвіцкага раёна. Цяпер ён паўстане перад судом.

Карт-рахунак мінусуе

Яшчэ адзін наш зямляк на мінулым тыдні пацярпеў ад дзеянняў інтэрнэт-злодзея. З карт-рахунка дзятлаўчаніна зніклі 394 рублі. Узбуджана крымінальная справа.

Правераць паходжанне  

На аўтадарозе паблізу ад аграгарадка Раклевічы быў затрыманы вадзіцель, які ў кузаве сваёй машыны вёз 800 кілаграмаў лому чорнага металу без адпаведных дакументаў. Цяпер праваахоўнікі праводзяць праверку для высвятлення законнасці паходжання металу.

А работнік п’яны

На малочнатаварнай ферме аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна ў стане алкагольнага ап’янення на рабочым месцы затрыманы аператар машыннага даення. Складзены адміністрацыйны пратакол.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga