Каб зімой было сытна

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У канцы мая ў гаспадарках Дзятлаўшчыны стартаваў першы ўкос траў.

Аграрыі раёна плануюць нарыхтаваць 73 112 тон кармавых адзінак, 119 340 тон сенажу, 135 200 тон сіласу, 3690 тон сена, закруціць у стрэйч-плёнку 7135 тон зялёнай масы. На 7 чэрвеня ўбрана  2131 гектар траў, нарыхтавана 2939 тон сіласу і 9109 тон сенажу, закручана ў стрэйч-плёнку 464 тоны зялёнай масы.

Каб жывёлам было сытна зімой, механізатары Дзятлаўшчыны аператыўна і зладжана папаўняюць “кармавую” скарбонку раёна, падыходзяць да сваіх сельскагаспадарчых задач добрасумленна і з веданнем справы, працуюць з энтузіязмам і поўнай самааддачай. Так, у КСУП “Жукоўшчына” працаўнікі поля ўжо скасілі травы з 1394 гектараў каля вёскі Пецюкі, працягваюць работы паблізу Малых Краглёў – з 62 гектараў скошана 30. У Вялікіх Краглях у сянажную траншэю ўжо закладзена 800 тон, у планах – 2000 тон. Пасля возьмуцца за сянажныя траншэі каля вёсак Погіры і Нагародавічы, будуць касіць у Зачэпічах.

На кормаўборачным камбайне працуе механізатар Мікалай Бакшук. Ад яго на трактары з прычэпам зялёную масу да сянажнай траншэі адвозіць Аляксандр Рогач, на МАЗах – Анатоль Басай і Ігар Візгір, на трамбоўцы задзейнічаны Аляксандр Кульбей. Усяго па гаспадарцы плануецца нарыхтаваць 10 000 тон сенажу і 350 тон сена. Акрамя гэтага, у КСУП “Жукоўшчына” працягваецца хімпраполка кукурузы. З першым укосам працаўнікі поля плануюць справіцца за два-тры тыдні.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga