Дзяцінства – не для вайны. Важныя ісціны музея “Дзеці ліхалецця”

Важнае Спорт і турызм

У актыўную фазу на Дзятлаўшчыне ўвайшла рэспубліканская акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”, скіраваная на папулярызацыю ўнутранага турызму Беларусі.

У рамках яе 10 чэрвеня ў нашым раёне свой турыстычны патэнцыял дэманстравалі адразу некалькі аб’ектаў, сярод якіх народны гісторыка-краязнаўчы музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы. Яго нязменным кіраўніком ужо больш за тры дзесяцігоддзі з’яўляецца педагог, захоплены краязнаўчымі пошукамі і вывучэннем малавядомых старонак гісторыі не толькі роднага краю, але і краіны ў цэлым, – Тамара Крывеня.

Упершыню ў раёне тут былі адлічбаваны экспазіцыі, з’явіліся 3D-панарама, QR-коды, экскурсія была “перанесена” ў інтэрнэт-прастору, дзе стала даступнай для жыхароў розных краін, сярод якіх яшчэ могуць заставацца былыя “дзеці ліхалецця” і іх нашчадкі. А з дапамогай мабільных дадаткаў, якія распрацоўваюць мясцовыя навучэнцы, і акуляраў віртуальнай рэальнасці можна ладзіць цікавыя экскурсіі, выязджаючы ў іншыя населеныя пункты. Новаяльнянскі школьны музей, нягледзячы на тое, што быў створаны яшчэ ў мінулым стагоддзі, актыўна развіваецца і бярэ на ўзбраенне сучсаныя тэхналогіі, таму нават калі не першы раз знаходзішся ў яго сценах, усё роўна адкрываеш гісторыю па-новаму.

Сёння ў ліку гасцей гэтага вядомага турыстычнага аб’екта былі прадстаўнікі ідэалагічнага актыву раёна, якім прапанавалі музычную персаніфікаваную тэатралізаваную экскурсію з сімвалічнай назвай “Дзяцінства, апаленае вайной” пра лёсы дзяцей палітэмігрантаў, а таксама тых, хто трапіў у новаяльнянскі і дзятлаўскі дзіцячыя прытулкі. На яе наведвальнікаў запрасіла “новая музейная змена” – навучэнцы 5-7 класаў. Відэа-, фота-, музычнае суправаджэнне, элементы тэатралізацыі – усё гэта стварыла эфект жывой прысутнасці ў той гістарычнай эпосе, выклікала глыбокія эмоцыі.

Вось якія ўражанні ад убачанага засталіся ў галоўнага спецыяліста КСУП “Войневічы” Наталлі Скібінскай, якая ад імя ідэалагічнага актыву раёна пакінула водгук у кнізе наведвальнікаў:

– У музеі “Дзеці ліхалецця” я не першы раз. Сёння была ўражана яшчэ больш. Адчуваецца, што музей ідзе ў нагу з часам, матэрыял падаецца жыва і цікава. Уражанні хочацца данесці да свайго калектыву. У Наваельні ёсць, што паглядзець. Безумоўна, мы далёкія ад жахаў вайны, аднак ад такіх экскурсій – дрыжыкі па скуры, слёзы на вачах.

Напрыканцы сустрэчы Тамара Крывеня расказала аб творчых планах і дасягненнях:

– Мы ў пастаянным пошуку інфармацыі і новых формаў работы, хаця галоўнай тэмай застаецца Вялікая Айчынная вайна. Сёлета паўдзельнічалі ў праблемным анлайн-семінары з Іванаўскай інтэрнацыянальнай школай, задумаліся аб агульным праекце. Змаглі наладзіць адносіны са школьным музеем Перамогі ў Маскве, атрымалі сертыфікат аб партнёрстве з ім і ўжо паўдзельнічалі ў конкурсе “Культурны маршрут”, для якога знялі відэаролік “Дарогай дзяцей каментэрна”. Акрамя таго, прадаўжаем краязнаўчую работу: адкрыты экспазіцыі “Генацыд на Дзятлаўшчыне” і да Года гістарычнай  памяці, на будынку школы з’явілася мемарыяльная дошка воіну-афганцу Аляксандру Шылаву, з работай аб яго біяграфіі сталі прызёрамі конкурсу “У кожнага героя свая памяць”. Ёсць і іншыя задумкі, якім збіраемся надаць увагу: сёлета адзначаюцца 100-гадовыя юбілеі з дня нараджэння вядомага маладога партызана, пахаванага ў Наваельні, Пятра Снітко, імя якога носіць адна з вуліц пасёлка, а таксама заслужанай настаўніцы БССР, педагога нашай школы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандры Шаўчук. Рыхтуемся і да раённага фестывалю музеяў. Можам здзіўляць “Знаходкай года”, “Музеем у чамадане”, удзелам у праекце “Партыёт.by”, для якога распрацаваны мабільны дадатак па помніках раёна. Прадаўжаем пошук невядомых прозвішчаў загінулых, якія пахаваны на могілках санаторыя “Наваельня”, вернуты два дзясяткі імёнаў. Для таго, каб музей жыў і развіваўся, неабходны пастаянны пошук і адпаведнасць экспазіцый часу.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: