Акно ў мінулае адкрыта для вас

Важнае Спорт і турызм

Рэспубліканская акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся” праходзіць на Дзятлаўшчыне пад куратарствам сектара спорту і турызму райвыканкама.

Распачалася яна квэст-экскурсіяй  “Сакрэты і загадкі Дзятлаўшчыны” ў музеі “Вытокі” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Яе ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, работнікі арганізацый раёна.

Экскурсаводы Валянціна Белашэвіч і Алена Саўчыц пазнаёмілі гасцей з этнаграфічнымі напрацоўкамі, якія зроблены калектывам і вучнямі школы, пачынаючы з 2007 года, калі адкрыўся школьны музей.

Удзельнікі гульні даведаліся шмат новага і цікавага аб сваёй малой радзіме. Напрыклад, тое, што ў 1968 годзе Дзятлава наведвалі жонка Героя Савецкага Саюза Паўла Пятрова Галіна Аляксееўна і яго сын з сям’ёй, а таксама рэцэпты, па якіх мясцовыя гаспадыні гатавалі 100 гадоў таму, якім чынам згодна з уставам салдаты насілі рэмень і гімнасцёрку. Госці музея змаглі патрымаць у руках рарытэтны прас з выявай пісьменніка Льва Талстога, пабачыць кнігу, па якой вучыліся грамаце дзеці ў партызанскім штабе, гармонік, які паднімаў баявы дух савецкіх салдат на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

 

Прайшоўшы ўсе выпрабаванні, удзельнікі квэст-экскурсіі атрымалі QR-коды і разгадалі ключавую фразу : музей – гэта акно ў мінулае і дзверы ў будучыню. Яны падзяліліся ўражаннямі ад вандроўкі.

Таццяна Санцэвіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Квэст-гульня аказалася вельмі пазнавальнай і часам нечаканай для нас. Шмат інтэрактыву, усё па-сучаснаму. Думаю, што нашым школьнікам тут спадабалася б і было б вельмі пазнавальна. Дзякуй экскурсаводам за час, які мы правялі прыемна і карысцю.

Вольга Гародка, бухгалтар КСУП “Войневічы”:

– Тут  мяне ўсё здзівіла. Шчыра кажучы, нават не ведала, што ў гарадской школе ёсць такі музей. Вельмі спадабалася тое, што ў адным месцы сабраны прадметы і матэрыялы, прысвечаныя розным эпохам і падзеям у жыцці нашай Дзятлаўшчыны. Разам мы “вярнуліся” ў гады Вялікай Айчыннай вайны, узгадалі гісторыю, якую не павінны забываць ніколі. Вельмі прыемна, што вывучэнне мінулага  прэзентавана ў сучаснай форме. Дзякуй арганізатарам!

Вікторыя Тыць, доктар-педыятр Дзятлаўскай ЦРБ:

– Скажу шчыра: мне тут спадабалася. Лічу, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей не толькі для школьнікаў, студэнтаў, але і для работнікаў арганізацый. На жаль, не ўсе сёння добра знаёмы з гісторыя сваёй зямлі. Я сама родам з Магілёўшчыны і, бывала, чула ў размове са знаёмымі, што мы, верагодна, ведаем розную гісторыю. На жаль, сёння ўсё часцей гістарычныя факты і падзеі падаюцца ў іншым, далёкім ад праўды кантэксце. Такія мерапрыемствы, як сённяшняе, дапамагаюць не забываць гістарычную праўду, заснаваную на фактах і дакументах, берагчы нашы каштоўнасці, ведаць і захоўваць мінулае, каб мець шанц на будучыню.

Акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся” прадоўжыцца на Дзятлаўшчыне, запросіць усіх, цікаўных да гісторыі і культуры роднага краю, у музей “Дзеці ліхалецця” ў Наваельні, этнаграфічныя школьныя музеі горада Дзятлава, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, сабор святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай і многія іншыя цікавыя месцы. Пазнаёміцца з графікам мерапрыемстваў акцыі, арганізаванай сектарам спорту і турызму райвыканкама, можна на сайце газеты “Перамога”.

Наталля АВЯРЧУК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga