З такім чалавекам і ў агонь, і ў ваду

Важнае Грамадства

На адрас электроннай пошты рэдакцыі газеты “Перамога” прыйшло паведамленне ад жыхара горада Слоніма Мікалая Лішыка.

Мікалай Васільевіч, як кажуць, “па гарачых слядах” ад шчырага сэрца выказаў словы падзякі старшыні Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзіму Бялятку.

Вось што ён напісаў у сваім лісце:

“Добры дзень, рэдакцыя.

Мае бацькі, Васіль Паўлавіч і Ганна Уладзіміраўна Лішыкі большую частку жыцця пражылі ў вёсцы Малдавічы. Бацька памёр, засталася толькі мама. Цяпер яна знаходзіцца то ў дачкі ў Брэсце, то ў мяне ў Слоніме, час ад часу просіцца пажыць у сваім доме. Сёлета мы таксама прыехалі ў родную вёску. Тут і адбылося здарэнне, пра якое маюся расказаць.

Па прыбыцці на новае месца, як правіла, наводзіш парадак у доме і на прылеглай тэрыторыі. У нас пасля ўборкі дома і падворка сабралася шмат смецця, якое вырашылі спаліць. Але ўсё пайшло крыху не па плане, і вакол вогнішча “схапілася” гарэць то ў адным, то ў другім месцы сухая трава.

На шчасце, дым заўважыў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. Ён праявіў высокія чалавечыя якасці: не праехаў міма, пачаў тушыць узгаранне разам са мной. Затым Вадзім Аляксандравіч выклікаў ратаўнікоў. Дзякуючы яго дапамозе і зладжаным дзеянням, удалося пазбегнуць пажару ў гаспадарчых пабудовах. Шчыра дзякую яму як неабыякаваму чалавеку і кіраўніку”.

Паколькі Мікалай Лішык не толькі расказаў у раёнцы аб надзвычайнай жыццёвай сітуацыі, але і ўзняў “гарачую” тэму сезона, мы вырашылі звярнуцца па каментарыі да непасрэдных удзельнікаў гэтага інцыдэнту, каб пачуць іх меркаванні і, магчыма, засцерагчы каго-небудзь з землякоў ад падобных непрыемнасцяў.

Вадзім Бялятка, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама:

– Як многія ведаюць, я сам жыхар вёскі Малдавічы. У дзень здарэння, бліжэй да 14 гадзін, вяртаўся з абедзеннага перапынку на работу. У нас, як і ў іншых сельсаветах Дзятлаўшчыны, 6 мая праходзілі мерапрыемствы да Дня Перамогі. Праязджаючы каля мясцовага помніка землякам, заўважыў, што там ветрам пакаціла вянок, вырашыў яго паправіць і бакавым зрокам за метраў 200 убачыў дым. Ведаю, што там знаходзіцца нежылы дом, куды гаспадары прыязджаюць толькі ў вясенне-летні сезон, таму адразу зразумеў, што здарылася нядобрае. Калі пад’ехаў, убачыў, што гарыць сухая трава, агонь хутка падступае да хлява. Разам з гаспадаром мы некаторы час тушылі ўзгаранне, але полымя не здавалася. Каб пазбегнуць цяжкіх наступстваў, я набраў нумар пажарна-ратавальнай службы. Экіпаж, які прыбыў, вельмі хутка патушыў агонь.

На гэты раз нашаму сельсавету ўдалося пазбегнуць бяды, аднак і мясцовым жыхарам, і іншым дзятлаўчанам варта памятаць правілы прафілактыкі. Вясной амаль усюды ўжо падрасла прыгожая зялёная траўка, аднак вакол нежылых дамоў і ў тых месцах, дзе раней было някошана, пад зелянінай знаходзіцца “падушка” з сухой расліннасці. Пры ўзгаранні, асабліва ў ветранае надвор’е, полымя па ёй распаўсюджваецца вельмі хутка. Памятайце пра гэта.

Яўген Ясюкайць, інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС:

– На момант майго прыбыцця ў Малдавічы ўзгаранне было ліквідавана на плошчы каля 50 квадратных метраў. Са словаў сына гаспадыні домаўладання, ён наводзіў парадак на прылеглай тэрыторыі, бо маці сама гэтага зрабіць не можа з-за шаноўнага ўзросту. Да абеду паспеў скасіць сухую траву, атрымалася даволі вялікая куча смецця, якое вырашыў спаліць. Меры пажарнай бяспекі часткова выканаў: прынёс вядро вады, рыдлёўку, аднак не акапаў вогнішча. Пакуль хадзіў па сваіх справах, іскры трапілі на сухі пакос, агонь распаўсюдзіўся.

На шчасце, побач аказаўся старшыня сельвыканкама, які адразу ж прыйшоў на дапамогу, затым патэлефанаваў у РАНС. Супрацоўнікі пажарнай службы ўдала ліквідавалі агонь, не “пусціўшы” яго на гаспадарчыя пабудовы і жылы дом. Для гэтага было дастаткова сілаў аднаго пажарнага разліку ПАРП-11Дзятлаўскага РАНС.

У чарговы раз нагадаю, што сітуацыя з выпальваннем сухой расліннасці застаецца актуальнай у нашым раёне. З-за няправільнага спальвання смецця ў мінулым месяцы ўжо згарэла гаспадарчая пабудова. Ратаўнікі пастаянна даводзяць інфармацыю аб мерах бяспекі, на жаль, некаторыя жыхары раёна забываюць акопваць вогнішча, а гэта адзін з асноўных фактараў далейшага ўзгарання расліннасці. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях прадоўжыць праводзіць прафілактычныя рэйды для папярэджання падобных фактаў, а таксама інструктажы і тлумачэнні супрацьпажарных патрабаванняў насельніцтву.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga