З Адзінага дня інфармавання. Лета блізка: увага на адпачынак і бяспеку

Галоўнае Улада

19 мая ў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва на Дзятлаўшчыне працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.

Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага РАНС.

Былі разгледжаны чатыры пытанні. Першае тычылася культурнай і прыроднай спадчыны Беларусі як фактара развіцця турызму. Было адзначана, што турыстычны патэнцыял Беларусі ў цэлым і Дзятлаўшчыны ў прыватнасці багаты і разнастайны, яго развіццю надаецца значная ўвага, у тым ліку функцыянуе бязвізавы турызм. Эпідэміялагічная сітуацыя і санкцыйныя абмежаванні скіравалі галіну ў бок унутранага турызму. У нашай краіне распрацаваны 2 тысячы маршрутаў, у раёне – 13 (аўтамабільныя, веласіпедныя, водныя, пешаходныя). Дарэчы, перавагу на Дзятлаўшчыне мае лячэбна-аздараўленчы турызм: сярэдняя запаўняльнасць здраўніц у 2021 годзе складала 64,2 %, нядаўна ў эксплуатацыю ўведзены 4-ы корпус санаторыя “Радон”. Зарэгістраваны ў нашым раёне і 14 аграсядзібаў, па леташніх выніках імі было заключана 259 дагавораў на 1774 наведвальнікі, сёлета пачне працаваць аграсядзіба ў вёсцы Малая Воля. Развіваецца і экатурызм: навагодні квэст “Ключы бабулі Зімы” наведалі 309 чалавек, у бліжэйшай перспектыве – адкрыццё веламаршруту “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, у больш аддаленай – арганізацыя экасцежкі на тэрыторыі гэтага ж запаведніка. Прадаўжаецца работа па развіцці воднага турызму: летась у водных сплавах удзельнічалі 270 чалавек, набыта 6 новых байдарак, усяго іх 19 на 25 месцаў. Сёлета ўжо традыцыйны фестываль “Зецельскі фэст” будзе дапоўнены намінацыяй, звязанай з яшчэ адным кірункам – гастранамічным турызмам.

У Год гістарычнай памяці асаблівая ўвага нададзена месцам памяці ваенных гадоў, адзін з прыкладаў – велапрабег у рамках раённай акцыі “Нам завешчана памятаць”.

Другая тэма была не менш актуальнай і тычылася забеспячэння бяспекі дзяцей у летні аздараўленчы перыяд, на што скіравана і прафілактычная рэспубліканская акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!”, якая праходзіць з 10 мая па 1 чэрвеня. Нягледзячы на работу ў гэтым кірунку, штогод адзначаюцца факты гібелі і траўматызму дзяцей з-за атручвання, дарожна-транспартных здарэнняў, праглынання іншародных прадметаў, выпадзення з вокнаў, пажараў, утапленняў, па іншых прычынах, якія залежаць пераважна ад узроставай катэгорыі. Дарослых заклікалі не дазваляць дзецям самастойна распальваць ацяпляльныя печы і мангалы, хаваць ад непаўналетніх лёгкаўзгаральныя вадкасці і запалкі, не дазваляць маленькім дзецям знаходзіцца побач пры прыгатаванні ежы, мыцці посуду, прасаванні бялізны, не дапускаць іх блізка да гарачай пліты, печы, праса, чайніка. У навучальных установах напярэдадні канікулаў будуць праходзіць прафілактычныя размовы на гэту тэму.

Трэцяя тэма тлумачыла адказнасць за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, названых экстрэмісцкімі, распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Інтэрнэце. Праваахоўнікі могуць выявіць практычна любога парушальніка: сучасныя праграмы дазваляюць кантраляваць і правяраць нават дамавыя чаты. Меры адказнасці за экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць самыя сур’ёзныя.

Напярэдадні Сусветнага дня без тытуню, які адзначаецца ў канцы мая і сёлета праходзіць пад дэвізам “Тытунь – пагроза навакольнаму асяроддзю”, пагутарылі пра такую згубную звычку, як курэнне, пра ўзмацненне жорсткасці антытытунёвага заканадаўства. Асноўнай яго мэтай з’яўляецца паслядоўнае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў і прадухіленне негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя насельніцтва, таксама замацоўваецца пашырэнне пераліку месцаў, дзе цалкам забараняецца курыць.

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga