“Шлях да поспеху” – запальвае зоркі, адкрывае новыя імёны (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак Падзеі

Праграму ўрачыстасцяў да Дня працы ў Дзятлаве прадоўжыў раённы фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Шлях да поспеху”, які сабраў у Цэнтры культуры і народнай творчасці юныя таленты, іх педагогаў, бацькоў і гледачоў, якія прыйшлі зарадзіцца добрым настроем і падтрымаць выступаючых.

Надзейным спонсарам фестывалю, закліканым зацікавіць і паспрыяць развіццю творчых здольнасцяў дзяцей і моладзі Дзятлаўшчыны, cа шматлікімі прызамі выступіла адкрытае акцыянернае таварыства “Молочный Мир”, якое на свяце прадстаўляў дырэктар Дзятлаўскага філіяла Андрэй Жыдко.

Выпрабаваць свае таленты і творчыя ўменні была магчымасць у шырокага кола нашых юных землякоў, бо фестываль-конкурс ладзіўся адразу для трох узроставых катэгорый: малодшай (5-8 гадоў), сярэдняй (9-13 гадоў) і старэйшай (14-17 гадоў). Дабіцца поспеху і прызавых месцаў можна было ў некалькіх намінацыях: “Вядучы”, “Саліст-вакаліст”, “Вакальны ансамбль, дуэт”, “Ансамбль сучаснай харэаграфіі”, “Саліст-інструменталіст”, “Інструментальны ансамбль”. Выступленні ацэньваліся па 10-бальнай сістэме.

Адкрылі свята маленькія зорачкі, якія даказалі, што могуць прэтэндаваць на званні зорак першай велічыні. Самыя юныя вядучыя і салісты ўпэўнена трымаліся на сцэне.

Дарыць гледачам лепшыя песні і пажаданні прадоўжылі маладыя таленты сярэдняй узроставай катэгорыі. У танцавальнай жа намінацыі выступілі адразу два саставы ансамбля сучаснай харэаграфіі філіяла № 2 гарпасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў – “Капрыз” сярэдняй і “KAPandRIZ” старэйшай узроставых катэгорый. Сур’ёзна да выбару рэпертуару падышлі ўдзельнікі 14-17 гадоў. Журы было даволі складана вызначыць пераможцаў і прызёраў.

– Кожны год раённы фестываль “Шлях да поспеху” запальвае новыя іскрынкі прафесіяналізму. Вялікі дзякуй усім, хто прыклаў да гэтага цудоўнага свята руку, душу і спонсарскія сродкі, – адзначыў у час цырымоніі ўзнагароджання старшыня журы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько.

Кожнаму без выключэння юнаму ўдзельніку, які выступаў на сцэне, Андрэй Жыдко ўручыў смачныя прызы ад “Молочного Мира”, таксама дзеці атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У намінацыі “Вядучы” не было роўных Арцёму Каспяровічу з Новаяльнянскага ДК і Аляксандры Барабан з Гезгалаўскага ДК, якія адзначаны дыпломамі І ступені, дыпломы ІІ ступені заваявалі Аліна Кулеш і Валерыя Кастусік з Гезгалаўскага ДК, дыплом ІІІ ступені – Таццяна Орсік з узорнай тэатральнай студыі “Мелодыі душы”, дыпломамі “за ўдзел” адзначаны Ксенія Кандакова з Дварэцкага ДК; Аляксандр Лагвіновіч, Ангеліна Кардаш і Карына Касіла з Новаяльнянскага ДК, дуэт Уладзіславы Гулецкай і Анастасіі Кавалёвай з узорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы”.

У намінацыі “Саліст-вакаліст” у малодшай узроставай катэгорыі пераможцай стала Ксенія Жыляніна з Гезгалаўскага ДК, дыплом ІІ ступені ў Ганны Муха з Новаяльнянскага ДК, дыплом ІІІ ступені заваявала Сафія Мамакова з Казлоўшчынскага ДК, дыпломы ўдзельнікаў – у Яўгена Кашко з Жукоўшчынскага ДК, Алесі Сёмуха з Данілавіцкага ДК. У сярэдняй узроставай катэгорыі лепшымі салісткамі-вакалісткамі сталі Нэлі Санюк з Гезгалаўскага ДК і Аліса Дзірвук з Новаяльнянскага ДК, на другой пазіцыі – Арсеній Лішык з Казлоўшчынскага ДК, дыпломы ІІІ ступені ў Артура Лішыка з Казлоўшчынскага ДК і Аляксея Шыкуця з Гезгалаўскага ДК, дыпломамі «за ўдзел» адзначаны Дар’я Філістовіч з Данілавіцкага ДК і Аляксандра Лагвіновіч з Новаяльнянскага ДК. Пераможца старэйшай узроставай катэгорыі – Арыяна Кузьміч з Новаяльнянскага ДК, дыплом «за ўдзел» – у Анастасіі Аляксеевай з Казлоўшчынскага ДК.

Узнагародамі “За папулярызацыю танцавальнага жанру” адзначаны ансамблі сучаснай харэаграфіі філіяла № 2 гарпасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў – “Капрыз” і “KAPandRIZ”.

Прызы за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы раённага фестывалю “Шлях да поспеху” атрымалі вядучыя Яўгенія Цар і Арцём Лазоўскі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: