Раён у фармаце аператыўных рашэнняў

Важнае Улада

Тэма нарыхтоўкі кармоў і падрыхтоўкі камбайнаў да ўборачнай сталі першачарговымі на традыцыйнай штотыднёвай нарадзе старшыні райвыканкама.

Гаварылі таксама пра інвестыцыйныя праекты, “рэабілітацыю” прамысловасці, падрыхтоўку да будучага ацяпляльнага перыяду, ключавыя моманты ў сферы адукацыі раёна.

Лавіць кожную “сухую” гадзіну

Пасля зацяжных дажджоў адпіліся палеткі. Травы, якія дагэтуль марудна ўбіраліся ў сілу, нарэшце пацягнуліся ўгору.Інтэнсіўна заняцца нарыхтоўкай кармоў даў даручэнне аграрыям старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

– Канец мая кліматычна “не задаўся”, аднак гэта не повад жаліцца, што не сохне сена. Выконвайце тэхналогіі. Калі дождж, дык трэба ўспомніць, што ёсць такая аперацыя, як варушэнне. Надвор’е мяняецца штодзённа, “лавіце” гэтыя гадзіны без дажджу і касіце  травы. Ад колькасці і якасці нарыхтаваных кармоў залежаць не толькі вынікі працы жывёлаводаў, але і гаспадарак у цэлым, – зрабіў заўвагу кіраўнік раёна свайму першаму намесніку – начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку.

Што датычыцца падрыхтоўкі камбайнаў да гарачай пары, Віталій Тадэвушавіч расказаў, што ўсе зернеўборачныя камбайны ў раёне зняты з захоўвання, праводзяцца іх наладка і рэгуляванне, каб уборачная прайшла без стратаў ураджаю. Гаспадаркі “Дварэц-Агра” і “АграМілк” у бліжэйшы час папоўняць свой аўтапарк новымі КЗС-1218.

Прадпрыемствы “перафарматаваліся”

Прамысловасць раёна перажывае няпросты перыяд. Гаворка ідзе аб дадатковых выдатках прадпрыемстваў для таго, каб падтрымліваць існуючыя бізнес-працэсы. І калі ў першым квартале нашы прадпрыемствы не спраўляліся з новымі рэаліямі, то вынікі чатырох месяцаў паказваюць, што “шок” прайшоў: і завод “Алгонь”, і прадпрыемства “Суперпак інвест” выйшлі на прыбытак. Зразумела, што далейшыя сцэнарыі развіцця залежаць ад шэрагу фактараў, многія з якіх застаюцца нявызначанымі, але станоўчы рух ёсць.

Дзецям будзе чым заняцца

З 1 чэрвеня ў раёне пачнуць работу школьныя аздараўленчыя летнікі. Усе яны абследаваны адказнымі службамі на прадмет бяспекі, выканання санітарных нормаў. Многія юныя дзятлаўчане будуць занятыя ў працоўных летніках. Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус, 89 дзяцей паспрабуюць сябе ў якасці подсобных рабочых, 20 дзяўчынак будуць займацца швейнай дзейнасцю. На нарадзе прагучала прапанова, каб дзяўчынкі сшылі па заяўцы жыллёва-камунальнай гаспадаркі сцяжкі для святочнага афармлення гарадскіх вуліц напярэдадні рэспубліканскіх святаў.

Асаблівую падзяку выказала Наталля Сяргееўна кіраўніцтву сельскіх гаспадарак, якія выступілі спонсарамі на школьных лінейках, прымеркаваных да заканчэння навучальнага года, і ўзнагародзілі за свае сродкі 38 дзяцей. Найбольш актыўна ў шэфстве над навучальнымі ўстановамі праявілі сябе КСУПы “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”.

Іншыя тэмы коратка

У наступным навучальным годзе, па папярэдніх даных, у першыя класы школ Дзятлаўшчыны пойдуць 240 дзяцей.

****

34 арэндныя кватэры прымуць навасёлаў ужо гэтым летам у Казлоўшчыне – завяршаюцца будаўніча-рамонтныя работы ў былым інтэрнаце сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

****

11 чэрвеня дзятлаўчан і гасцей горада будзе радаваць сямейнае свята “Зецельскі фэст”. Удзельнікаў мерапрыемства чакаюць разнастайныя конкурсы, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы-продажы, атракцыёны, музычныя праграмы.

****

У рост пайшлі травы не толькі на палях сельгаспрадпрыемстваў, але і на гарадскіх газонах. Задачу па ўтрыманні горада і пасёлкаў у парадку работнікам РУП ЖКГ паставіў старшыня райвыканкама. Зразумела, што за адзін дзень прывесці ў парадак газоны ля кожнага будынка не атрымаецца, работы будуць ісці па графіку.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: