Першыя на “лясным Алімпе” вобласці

Галоўнае Грамадства

На абласным пасяджэнні калегіі Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання падвялі вынікі эканамічнага развіцця галіны за студзень-сакавік 2022 года.

Сярод дзяржаўных лесагаспадарчых установаў Прынёмання Дзятлаўскі лясгас заняў першае месца, адзначаны адпаведным дыпломам і пераходным знакам.

Як удалося выйсці ў абласныя лідары, расказаў дырэктар лясгаса Сяргей Дурко.

– Поспех любога прадпрыемства складае фінансавы бок. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, а гэта больш за 400 чалавек, якія працавалі як адзіная каманда, мы па выніках сёлетняга І квартала выйшлі ў абласныя пераможцы. Выручка лясгаса склала 109 % ад плана, калі браць у грашовым эквіваленце, – 6 мільёнаў  733 тысячы рублёў, што сведчыць аб тым, што мы на высокіх пазіцыях не толькі ў вобласці, але і па міністэрстве ў цэлым. Гэта дасягненне зладжанай работы каманды і той тэхнікі, якую своечасова закупілі, аднаўляючы аўтапарк. У першым квартале штомесяц адгружалі больш за 170 вагонаў круглага лесу, акрамя таго, займаліся перапрацоўкай драўніны, яе экспарт у грашовым выразе за студзень-сакавік 2022 года склаў 604 тысячы долараў ЗША – гэта 177 % да плана. Не забываліся і пра іншыя работы: высечкі прамежкавага карыстання, нарыхтоўку драўніны, вытворчасць піламатэрыялаў, а таксама пра заработную плату – сярэдняя па лясгасе за першыя 3 месяцы 2022 года яна склала 1692 рублі. “Дзякуй” за зладжаную работу я кажу ўсім, бо першае месца – гэта вынік старанняў кожнага члена нашага калектыву.

– На якіх пазіцыях звычайна знаходзіцца ваша прадпрыемства ў абласным рэйтынгу?

– На працягу трох гадоў мы знаходзімся ў “моцнай сярэдзіне” сярод лесагаспадарчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны, на 5-6 пазіцыях. У І квартале 2020 года былі трэцімі. У нас ёсць усё, каб трымацца на дастойным узроўні: сыравіна, рэсурсы, людзі, тэхніка. Мы настроены на высокую вытворчую работу. Ужо зрабілі рамонт адміністрацыйнага будынка лясгаса, наводзім парадак на сядзібах лясніцтваў, у месцах адпачынку, на прыдарожных лесапалосах.

І надалей будзем старацца ўтрымліваць перадавыя пазіцыі, аднак варта адзначыць, што ўсе лясгасы Прынёмання моцныя і ў фінансавым, і ў тэхніка-эканамічным плане, таму канкурэнцыя ў нас будзе жывая.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga