Мільёны нязгасных агнёў – у памяць аб загінулых

Важнае Грамадства

8 мая ў 8 гадзін вечара каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў Дзятлаве адначасова з усёй Беларуссю наш раён далучыўся да рэспубліканскай акцыі “Запалі агонь у сваім сэрцы”.

Разам з дзясяткамі знічак у памяць аб тых, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, загарэўся Вечны агонь – сімвал нязгаснай памяці аб тых, хто цаной уласнага жыцця здабыў для нашчадкаў мірнае неба.

У акцыі прынялі ўдзел вучні дзятлаўскіх школ, актывісты грамадскіх арганізацый, работнікі калектываў раёна, жыхары Дзятлаўшчыны разам са сваімі сем’ямі.

– У памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за Радзіму, хто памёр ад пакутаў і катаванняў у фашысцкіх лагерах, хто згарэў у газавых камерах і ўзарваўся на снарадах, хто кідаўся пад танкі і сваім целам закрываў ад абстрэлу дзяцей і пажылых людзей – у памяць аб іх сёння па ўсёй Рэспубліцы Беларусь загарацца мільёны агнёў, – звярнуліся да прысутных юныя вядучыя мерапрыемства.

Кожны, хто трымаў у руках лампадку, кветкі або проста прысутнічаў у гэтыя хвіліны тут, успомніў сваіх блізкіх: дзядоў, прадзедаў, землякоў. Бо няма ў Беларусі ніводнай сям’і, якую б не закранула ваеннае ліхалецце.

Удзельнікі акцыі стварылі сцяжыну памяці з агеньчыкаў, якія трымалі ў руках, усклалі кветкі да Вечнага агню, ушанавалі памяць герояў і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: