“Любоў, што рухае сонца і свяцілы”

Важнае Культура і адпачынак

Такую лірычную назву меў творчы вечар дзятлаўскай паэтэсы Алены Абрамчык, які наведалі аматары вершаў і музыкі.

Алена Рыгораўна адказала на некалькі пытанняў для газеты.

– Чаму менавіта такая назва ў вечарыны?

– Гэта словы Дантэ Аліг’еры, які ў “Боскай камедыі” выказаў думку аб тым, што без любові і кахання немагчыма існаванне жыцця на Зямлі і ва ўсім Сусвеце. Для мяне гэта своеасаблівы дэвіз, бо любоў шматгранная, яна вялікая “рухальная” сіла, нездарма кажуць: Бог ёсць любоў. Калі браць шырока, то яна разгаліноўваецца і цудоўная ў кожнай сваёй праяве – да Радзімы, да справы, да людзей.

– Якія вершы чыталі?

– Пастаралася падабраць творы рознай тэматыкі са сваіх зборнікаў “У последней любви на краю”, “Послевкусие”, “Без тебя”, “Навстречу солнцу”, “Музыка нового дня”, беларускамоўнага “Дацягнуцца да неба”. Гэта вершы пра каханне дваіх, пра любоў да ўсяго жывога, пра любоў – сілу Сусвету, якая аб’ядноўвае ўсе душы. Яшчэ ўзяла блізкую мне філасофскую тэму, дзе ідзе маё разважанне аб розных баках жыцця на Зямлі і яго сэнсе. Пастаралася выказаць, што людзям трэба жыць з дабром, менш думаць пра матэрыяльнае, больш пра духоўнае, хто ты, як будзеш жыць далей, па якіх прынцыпах. Мне ўжо нямала гадоў, думаю як пражыць іх больш прадуктыўна, што пакінуць пасля сябе, стараюся дапамагаць людзям матэрыяльна, сваімі ўчынкамі, сваімі вершамі. Многія, у каго ёсць мае зборнікі, расказваюць, што перачытваюць вершы перад сном, тады адыходзіць стома дня і ўзнімаецца настрой. Такую сілу мае слова, і калі ты ім можаш уздзейнічаць на чалавека, гэта цудоўна. Кожны чалавек па-свойму дзеліцца тым, што ў яго ёсць, я – вершамі, песнямі, сваімі карцінамі.

– Як лічыце, якую ролю мае паэзія ў жыцці і чаму яна неапраўдана забытая?

– Мяркую з-за таго, што людзі пераважна не разумеюць паэзію. Каб яе адчуваць, трэба, каб душа была настроена на пэўны лад, гэта вельмі тонкая субстанцыя, а цяпер людзі больш “прызямліліся”. Матэрыяльны свет, які прыйшоў да нас у апошнія дзесяцігоддзі, знішчае ў людзях лепшыя якасці, якія робяць душу бессмяротнай. Каб зразумець, гэта, трэба тварыць, праўда, гэта не ва ўсіх атрымліваецца, у мяне таксама не адразу. На высокае не заўсёды хапала часу, быў не той стан душы. Затым, у нейкі момант, пачынаеш разумець, хто ты, на што здольны, што можаш даць. Нават калі ніхто не прачытае твой верш, ты пусціў нешта добрае ў Сусвет, дзе ўсё збіраецца, і ад гэтага ўсім лепш.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga